Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт салдацкіх маці Расеі склаў сьпіс 400 забітых і параненых салдатаў


Расейскае ваеннае кіраўніцтва пацьвердзіла, што расейскія вайскоўцы апынуліся на тэрыторыі Ўкраіны і ў выніку сутыкненьня з украінскай арміяй панесьлі страты.

Паводле інфармацыі агенцтва РБК, палкоўнік, які прадставіўся як Аляксандр Хатулёў, распавёў блізкім дэсантнікаў: два кантрактнікі загінулі, каля дзесяці чалавек былі параненыя і дастаўленыя ў шпіталі Растову-на-Доне, а дзевяць салдат, чые імёны ўжо называў Кіеў, застаюцца ва Ўкраіне.

Між тым жонка аднаго з затрыманых паведаміла радыёстанцыі «Эхо Москвы», што ў Данецкай вобласьці былі забітыя тры кастрамскія дэсантнікі. Бацькоў салдат запэўнілі, што перамовы аб вызваленьні тых вайскоўцаў, якія засталіся ва Ўкраіне, ідуць на самым высокім узроўні. Як паведамляе РБК, сем’і кантрактнікаў думалі, што іх родныя едуць на вучэньні. У гэтым былі ўпэўненыя і самі байцы.

Раней у расейскім міністэрстве абароны паведамілі, што кастрамскія дэсантнікі патрапілі ва Ўкраіну выпадкова пры патруляваньні мяжы.

Камітэт салдацкіх маці ў Стаўрапольскім краі склаў сьпіс з чатырохсот параненых і забітых расейскіх салдат. Пра гэта расейскаму тэлеканалу «Дождж» паведаміла яго старшыня Людміла Багаценкава.

Сьпіс быў складзены з розных крыніцаў ва ўзброеных сілах, раскрываць якія Камітэт ня можа. Паводле Багаценкавай, гаворка ідзе аб службоўцах некалькіх мотастралковых брыгадаў: 19-й асобнай мотастралковай Варонеска-Шумленской (базаваньне — Ўладзікаўказ, Паўночная Асэтыя), 17-й асобнай гвардзейскай мотастралковай (базаваньне — Шалі, Чачня), 8-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе (базаваньне — Шатой, Чачня) . Як паведаміла тэлеканалу «Дождж» член Рады пры прэзыдэнце Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, старшыня арганізацыі «Салдацкія маці Санкт-Пецярбурга» Эла Палякова, Санкт-Пецярбург даставілі вялікую колькасьць параненых вайскоўцаў расейскай арміі.

«Прыйшоў борт з вельмі вялікай колькасьцю параненых у вайскова-мэдычную акадэмію», — распавяла яна. Гаворка ідзе пра Вайскова-мэдычную акадэмію імя Кірава.

Паводле інфармацыі Паляковай, на борце магло знаходзіцца каля сотні параненых вайскоўцаў. Дзе і пры якіх абставінах яны атрымалі раненьні, ёй невядома, але яна пераправярае гэтую інфармацыю.

Раней стала вядома, што Палякова і іншы член Рады Сяргей Крывенка накіравалі запыт у сьледчы камітэт РФ з просьбай правесьці расьсьледаваньне абставінаў гібелі кантрактнікаў 18 мотастралковай брыгады (в/ч 27777). Паводле афіцыйнай вэрсіі, яны загінулі на палігоне ў Растоўскай вобласьці 9 і 11 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG