«Я вырашыў датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады сёмага скліканьня. Выбары новага парлямэнту адбудуцца 26 кастрычніка 2014 году. Гэтае рашэньне я прыняў у строгай адпаведнасьці з артыкулам 90 Канстытуцыі Украіны», — адзначыў Парашэнка.
Пятро Парашэнка заявіў, што 80 працэнтаў украінцаў падтрымліваюць перавыбары.
«Выбары — найлепшы спосаб люстрацыі. І пачынаць ачышчэньне варта з найвышэйшага заканадаўчага органа. Цяперашні склад Вярхоўнай Рады паўтара году быў апорай Януковіча. І большасьць менавіта гэтых дэпутатаў прымала дыктатарскія законы, якія забралі жыцьці Нябеснай Сотні. За гэта трэба несьці адказнасьць — і крымінальную, і палітычную. Многія дэпутаты, што засядаюць або лічацца ў Радзе, калі не прамыя спонсары і саўдзельнікі, дык прыхільнікі баявікоў-сэпаратыстаў. Нават на абвяшчэньне мабілізацыі і патрабаваньне прызнаць „ДНР“ і „ЛНР“ тэрарыстычнымі арганізацыямі ледзь наскрэблі 232 галасы».
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, парлямэнцкія выбары — гэта частка яго мірнага пляну:
«Ключавы яго элемэнт — палітычны дыялёг з Данбасам. З кім, прабачце, размаўляць? Зь незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі мець зносіны можна толькі з дапамогай сілы, пакуль яны ня склалі зброі. Большасьць тых, каго выбарцы абралі на парлямэнцкіх выбарах дванаццатага году, страцілі аўтарытэт і ўплыў на людзей».
24 чэрвеня ў парлямэнце абвясьцілі пра распад кааліцыі. Роспуск урадавай кааліцыі і адсутнасьць новай на працягу 30 дзён даюць прэзыдэнту Ўкраіны падставы для роспуску Вярхоўнай Рады і правядзеньня датэрміновых выбараў.