Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка загадаў у суботу Кабінэту міністраў падрыхтаваць законапраект, які ўстанавіў бы абмежаваньні і забароны на выкарыстаньне ў дзяржаве «сымболікі таталітарных і іншых недэмакратычных рэжымаў».
Пад забарону таксама патрапяць сымбалі самаабвешчаных квазідзяржаўных утварэньняў, тэрарыстычных, сэпаратысцкіх арганізацый або груп.
Акрамя таго, такі законапраект, распрацаваны «з улікам лепшага сусьветнага досьведу», павінен вызначыць патрабаваньні да выкарыстаньня ва Ўкраіне дзяржаўных сымбаляў замежных дзяржаў, гаворыцца ва ўказе Пятра Парашэнкі.
Указ таксама прадугледжвае, што ўрад павінен падрыхтаваць і законапраект аб апісаньні, парадку выкарыстаньня і абароне дзяржаўных сымбаляў Украіны.
Ва Украіне прыхільнікі прарасейскіх, сэпаратысцкіх і іншых антыўкраінскіх сіл гадамі выходзяць на свае акцыі з сымболікай савецкага камунізму, СССР, Расеі, а ў апошні час і сымболікай сэпаратысцкіх праектаў Расеі ва Ўкраіне.