«Украінскі бок ніякіх надзеяў на сустрэчу 26 жніўня не ўскладае. Украінскія спэцыялісты разглядаюць спробы ўгаварыць Пуціна проста як дарэмную трату часу», — заявіў Радыё Свабода Раман Бясьсьмертны, былы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі (2010–2011), камэндант Майдана падчас Аранжавай рэвалюцыі, віцэ-прэм’ер ураду Юліі Цімашэнкі, старшыня палітычнай партыі «Трэцяя ўкраінская рэспубліка».
— Як можна ацаніць ролю Аляксандра Лукашэнкі ў сустрэчы, якая адбудзецца 26 жніўня ў Менску? Некаторыя палітолягі кажуць пра асабісты трыюмф Лукашэнкі. Ці згодны вы з гэтым?
— Перадайце палітолягам, якія кажуць, што гэта трыюмф Лукашэнкі, што гэта выключна заслуга Менску, якая заключаецца ў тым, што ён побач з Кіевам, і прэзыдэнтам ёсьць куды ехаць. Украінскі прэзыдэнт не паедзе ў Расею, на тэрыторыю варожай дзяржавы. А Пуцін у Кіеў таксама ня зьявіцца, бо калі яго тут пабачаць, то прыкончаць яго разам з памагатымі. Вось таму сустрэча адбываецца ў Менску, і роля Лукашэнкі ў гэтым працэсе — роля статыста, які воляю выпадку захапіў уладу ў Беларусі. Калі каму і дзякаваць, што адбываецца гэтая падзея, то гэта Эўрапейскаму Зьвязу і ЗША, якія робяць усё, каб прывесьці да розуму Пуціна і ягоную маскоўскую камарыльлю.
— Чаго можна чакаць ад сустрэчы?
— Адразу можна сказаць, што ўкраінскі бок ніякіх надзеяў на гэтую сустрэчу не ўскладае. Мы чакаем вельмі сьціплага выніку. Прэзыдэнт Украіны робіць усё магчымае і немагчымае, каб знайсьці мірныя спосабы затармазіць расейскую агрэсію. Таму ён на дакор сабе, страчваючы свой рэйтынг, едзе на гэтую сустрэчу. Хоць украінскае грамадзтва сёньня адназначна разумее, што Пуцін зь ягонай камарыльляй — гэта ворагі Ўкраіны і што знайсьці мірны спосаб тармазіць дыктатарскія і імпэрскія апэтыты Масквы наўрад ці ўдасца. Але прэзыдэнт робіць усё магчымае, каб знайсьці мірныя спосабы.
— Андрэй Саньнікаў лічыць, што фармальная сустрэча з агрэсарам — прызнаньне агрэсіі з боку Пятра Парашэнкі, і кажа, што магчымым вынікам можа быць закулісная дамоўленасьць пра фэдэралізацыю Ўкраіны. Што можаце сказаць на гэта?
— Тое, што прэзыдэнт робіць гэта на шкоду сабе, гэта праўда. Таму спадар Саньнікаў тут абсалютна мае рацыю. Гэтая сустрэча ў вачах украінцаў прынясе яму толькі шкоду. Ва Ўкраіне сёньня выдатна разумеюць, што хуткіх спосабаў вырашэньня праблемы няма. Сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны абвастраецца. Вайна набывае ўсё больш і больш жорсткі характар. Таму частка ўкраінскіх спэцыялістаў разглядае спробы ўгаворваньня Пуціна проста як дарэмную трату часу. Гаворка вядзецца не пра расейска-ўкраінскую вайну. Гаворка вядзецца пра вайну Пуціна супраць усяго дэмакратычнага сьвету. Таму, калі нехта думае, што, захапіўшы Ўкраіну ці частку Ўкраіны, Пуцін спыніцца, то ён памыляецца. Мы ж чулі ўжо пра «Клайпедзкую народную рэспубліку», пра вучэньні на берагах Балтыкі. Зразумела, што Пуцін дамагаецца геапалітычнай гегемоніі. І тут гаварыць пра тое, што Ўкраіна — разьменная манэта, — гэта займацца самападманам. А размовы пра фэдэралізацыю ці канфэдэралізацыю для ўкраінцаў гучаць як прапановы зьнішчыць краіну, таму вядома, што Парашэнка ня гэта ня пойдзе.
— А Беларусь? Нас Пуцін ужо лічыць сваёй тэрыторыяй? Ці варта чакаць зялёных чалавечкаў?
— Ніхто ўжо не разглядае Беларусь як незалежную дзяржаву, а Лукашэнку — як прэзыдэнта. Ён — зіц-старшыня часткі Расейскай Фэдэрацыі. Выбачайце, але нічога іншага я сказаць не магу. Для мяне ўжо колькі гадоў няма такой краіны, як Беларусь, хоць я люблю і паважаю беларускі народ. Дзеяньні Лукашэнкі зьнішчылі дзяржаву, падарваўшы спачатку яе гуманітарныя мэханізмы, а пасьля і эканамічныя. А незаконна сеўшы ў прэзыдэнцкае крэсла, ён завяршыў працэс зьнішчэньня беларускай дзяржавы.
— Чаму ўкраінская ўлада так сьціпла рэагуе на агрэсію? Ёсьць жа сьведчаньні, што на ўсходзе ваююць расейскія вайскоўцы...
— Я таксама задаю гэтае пытаньне ўкраінскаму прэзыдэнту. Чаму да гэтага часу не абвешчана ваеннае становішча і дакладна ня вызначаны вораг? Відавочна, прэзыдэнт і яго раднікі лічаць, што яшчэ застаюцца нейкія надзеі на спыненьне гэтага канфлікту. Як на мяне, дык ужо даўным-даўно Ўкраіна ў стане вайны з Расейскай Фэдэрацыяй. Расея выступае як агрэсар, рэгулярныя часьці расейскіх салдат бяруць удзел у акупацыі ўкраінскай тэрыторыі. Я валодаю дастатковай колькасьцю фактаў, каб такое казаць.