Мімаволі начытаўшыся ў сеціве рознага паскудзтва пра «гейропу», «садамітаў» і іншыя «трэнды» расейскай прапаганды, якія заліваюць жоўцю маю родную Беларусь, я павёў сваю сям'ю ў трох пакаленьнях на Праскі гей-прайд – 2014.
Ну а чым яшчэ я мог адказаць у душы сваёй на гэтую сьцяну азлобленасьці, тупасьці і агрэсіі – усяго таго, што стала для мяне паказчыкам зьдзічэньня, калі чалавек страчвае тое Боскае аблічча, паводле вобразу якога быў створаны, і набывае аблічча д'ябальскае? Параўнайце гэтыя дзьве выявы – спакойную, спачувальную, ціхую выяву сусьветнае дабрыні й любові і адваротную – ашалелую, асклабленую, крыкучую выяву сусьветнага зла. Я выбіраю першае, бо ведаю, што сьвет уратуецца толькі празь зьмякчэньне нораваў, а загіне – празь лютасьць.
На гей-прайдзе мы сустрэлі тысячы людзей – пазытыўных, вясёлых і адкрытых. Геяў вінавацяць у тым, што яны ледзьве не антыхрысты. Але папа Францішак сказаў: хто я такі, каб асуджаць гея. І яшчэ ён сказаў: кожны хрысьціянін – Хрыстос. Я згадваю шматлікія абліччы Хрыста. Ніколі ня бачыў яго агрэсіўным, бязьлітасным, разьюшаным. І калі ўжо меркаваць паводле аблічча, дык хутчэй гэтыя вясёлыя і міралюбныя людзі нясуць аблічча Хрыста, чым якія-небудзь азьвярэлыя харугваносцы, у абліччы якіх абсалютна нішто не нагадвае і ня можа нагадваць пра вялікадушнага Бога.
Яны крышаць усіх нязгодных (натуральна, слабейшых), яны гатовыя іх забіваць. Ці вы бачылі, каб так паводзілі сябе геі? Талібан разбурае помнікі сусьветнае спадчыны. Што разбураюць геі? Сям'ю? Але геі не разбураюць маю сям'ю. А іншыя вольныя рабіць тое, што лічаць патрэбным – да той ступені, пакуль ня робяць крыўды іншым. Апошняе тычыцца ня толькі геяў, а ўсіх увогуле. І потым – што ў вас за сям'я, якую нехта можа разбурыць, і што ў вас за дзеці-ўнукі, на якіх нехта можа паўплываць больш за вас? Калі гэта адбываецца, значыць, так і павінна быць.
Для мяне важна, хто дэкляруе іншым любоў, а хто – нянавісьць і сьмерць. Асабліва калі людзі сваімі дзеяньнямі пацьвярджаюць свае дэклярацыі.
Я прафэсійны вайсковец, камандзір мотастралковага ўзводу, і эмоцый у вайсковай справе ня ведаю. Вайна – гэта работа, тактыка і стратэгія дзеля ўсталяваньня права і справядлівасьці. Калі на вайне зьяўляюцца эмоцыі, гэта ўжо не вайна, а пагром. Ацэньваючы сытуацыю, вайсковец найперш глядзіць на людзей – якія яны, якія ў іх норавы. Агульнавядома, што геі не ваяўнічыя людзі і не правакуюць вайну. Хутчэй, наадварот. Мне няма чаго зь імі змагацца. А што кажуць, што яны сваімі прайдамі нешта там прапагандуюць, дык я вельмі добра разумею, у чым тут справа. Уявіце, што вы адзін на начной вуліцы і насустрач ідзе чалавек. Яго ўсьмешка – выратавальная для яго і для вашай псыхікі. Крый божа спаткаць у такой сытуацыі якога кадыраўца ці таліба ці праваслаўнага харугваносца.
Калі мая дачка выклала ў фэйсбуку нашу фотку з гей-прайда, адна цёця напісала ў камэнтах, што, узяўшы на парад унучку, я ўчыніў злачынства супраць чалавечнасьці. Паводле гэтай лёгікі, Гітлер – сьвяты, а Гандзі – д'ябал. Гэта не мая лёгіка.
Камэнт цёці я прыбраў, бо яна ў ім абразіла майго калегу. Але, карыстаючыся выпадкам, адкажу ёй тут.
Калісьці ў Бэрліне на знак салідарнасьці зь немцамі Джон Кенэдзі прамовіў знакамітыя словы: «Я – бэрлінец!». Вярнуўшыся з гей-прайду і ўспомніўшы шматлікіх атручаных прапагандай цёць, на знак салідарнасьці скажу тое самае: «Я – гей!».