Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cястра анархіста Разановіча: Падрыхтоўка да тэракту супроць Курскай АЭС — прыдумка расейскіх журналістаў


21 ліпеня ў раённы суд Белгарада перадалі квітанцыю аб сплаце штрафу за незаконнае перасячэньне ўкраінска-расейскай мяжы беларускім анархістам Дзьмітрыем Разановічам, якога 4 месяцы трымаюць у турме ў Курску.

Сваякі анархіста кажуць, што гэтым рэальна распачаўся працэс яго вяртаньня ў Беларусь.

Яшчэ 3 ліпеня раённы суд Белгарада аштрафаваў беларуса Дзьмітрыя Разановіча на 15 тысяч расейскіх рублёў за парушэньне правілаў перасячэньня расейскай мяжы і пастанавіў дэпартаваць яго на радзіму, у Беларусь. Але дагэтуль рашэньне суду аб дэпартацыі ня выкананае. Як мяркуе сястра Разановіча Тамара, зь бюракратычных прычын.

«Званіла ў белгародзкі суд, дык там сказалі, што ім патрэбная квітанцыя аб аплаце штрафу. Штраф мы праз сваякоў у Расеі аплацілі яшчэ 5 ліпеня, але квітанцыя была ў адваката, ён на сувязь не выходзіў цэлы тыдзень. І вось толькі сёньня ён сказаў, што нібыта адправіў квітанцыю. А да таго яшчэ 10 дзён чакалі, ці будзе Дзіма падаваць на апэляцыю, потым пакуль азнаёмілі з прысудам. То бок гэта ня нейкія змовы спэцслужбаў, а марудная бюракратычная працэдура».

Дзьмітры Разановіч быў затрыманы ў сакавіку, калі ехаў з Украіны ў Расею празь Белгародзкую вобласьць. Ён прад’явіў расейскім памежнікам пашпарт брата. «Гэтак атрымалася, чаго ўжо гадаць», — кажа Тамара пра ўчынак Дзьмітрыя. Пра брата яна распавядае толькі добрае: што разумны і прыстойны чалавек, з павышаным пачуцьцём справядлівасьці. З таго, што брат нібыта рыхтаваў тэракт супроць Курскай АЭС, пра што напісалі расейскія мэдыі пасьля затрыманьня на мяжы беларускага анархіста, Тамара проста сьмяецца:

«Гэта звычайная інфармацыйная „качка“. Проста ў Курску, дзе яго трымаюць, знаходзіцца АЭС, і журналісты раздзьмулі з мухі слана. ФСБ яго правярала, нічога не пацьвердзілася. Калі б у яго была падрыхтоўка да тэракту, хіба б яго зараз выпускалі?»

Дзьмітрыю Разановічу 25 гадоў. Ён жыве ў Гомелі, а ў Расею часта езьдзіць, каб зарабіць на будоўлі. Ужо некалькі гадоў як Дзьмітры захапіўся ідэямі анархісцкага руху. Паводле актывіста анархісцкага руху зь Менску, былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча, у Гомелі Дзьмітры Разановіч быў досыць вядомай асобай, у тым ліку для мясцовых спэцслужбаў:

«Яго даўным-даўно ведаў мясцовы КДБ, меў на яго зуб, увесь час у яго праводзілі ператрусы, з канкрэтнай прычыны ці нават без. Калі ў Гомелі нешта нехта рабіў, дык увагу на Дзіму заўсёды пераводзілі».

Карэспандэнт: «Ці магло гэтак стацца, што ён быў удзельнікам падзей на паўднёвым усходзе Ўкраіны і быў затрыманы, калі ехаў празь мяжу?»

«Ня думаю. Па-першае, яго затрымалі ў сакавіку, калі яшчэ не было гэтых падзеяў на ўсходзе, а па-другое, мы гэтага сэпаратызму не падтрымліваем. На нашу думку, гэта расейскі імпэрыялізм праз тыя ДНР і ЛНР пашырае сваю імпэрыю. Таму ўпэўнены, што Дзіма ў гэтым удзелу ня браў».

Аляксандар Францкевіч паведаміў, што ў курскай вязьніцы Дзьмітры Разановіч атрымліваў карэспандэнцыю, у тым ліку зь Беларусі, але ад яго лісты не даходзілі. Ад расейскага адваката, які дапамагае Разановічу, вядома, што на ўмовы ўтрыманьня ў расейскай турме ён ня скардзіцца. «Хаця якія там умовы: 45 хвілін на прагулку штодня і адзін раз на тыдзень памыцца — вось і ўсе ўмовы», — кажа сястра Разановіча Тамара.

Аляксандар Францкевіч не выключае, што ў Беларусі Дзьмітрыя Разановіча могуць паспрабаваць прыцягнуць да адказнасьці за ўхіленьне ад службы ў войску. Сястра Разановіча кажа, што прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў дагэтуль не выказвалі такіх прэтэнзіяў, а «ў брата з вайсковай службай усё цалкам законна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG