Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне зноў афрыканская чума


Вуліца ў Дэмбраве, на якой выявілі выпадак афрыканскае чумы
Вуліца ў Дэмбраве, на якой выявілі выпадак афрыканскае чумы

Чарговая ўспышка афрыканскай чумы зафіксаваная ў вёсцы Дэмбрава Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. За два дні вяскоўцы вымушаны былі пакалоць усіх сьвіней. Праўда, гэтым разам мяса пасьля праверкі ім дазволілі пакінуць для сваіх патрэбаў.

Вяскоўцы ў Дэмбраве распавядаюць, што адзін з жыхароў вёскі закалоў сьвіньню, але калі зь сьвежаніны сьцякла кроў, то мяса нагадвала жэле. Экспэртыза выявіла, што гэта — афрыканская чума.

Улады аддалі загад, каб за два дні ўсе пакалолі сьвіней і здалі мяса на праверку. Апроч гэтага, зь людзей пабралі расьпіскі, што за межы вёскі мяса вывозіць ня будуць. Размаўляю са спадарамі ў вёсцы Дэмбрава:

Спадар: «Учора ўжо практычна ўсіх пакалолі...»

Карэспандэнт: «Было такое патрабаваньне ад уладаў?»

Спадар: «Так, загадалі сёньня да абеду ўсё прыбраць».

Іншы спадар: «Ад самай раніцы ўжо тут пішчалі, зразумела, ня людзі, а сьвіньні, як іх калолі. Учора тут і вывозіць не давалі, міліцыя стаяла з усіх бакоў і ўсе машыны правяралі. І сёньня ад самай раніцы езьдзілі, во толькі цяпер трохі супакоіліся».

«Усё ціха, за ўчора ўсе пакалолі...»

На падворку пэнсіянеры наводзяць парадак. Цікаўлюся — ці пакалолі яны сьвіней?

Спадарыня: «Усё ціха, за ўчора ўсе пакалолі, і ўсё...»

Карэспандэнт: «А не хаваюць людзі, як гэта яшчэ летась было?»

Спадарыня: «Ой, ужо ніхто не хавае, бо ведаюць, што ўсё роўна прыйдуць з праверкай і ці забяруць, ці яшчэ нешта. Было ж так каля Жалудка, што прыяжджалі, забіралі і потым людзі распавядалі, што каму вярнулі грошы, а каму і нічога не далі. Таму ўсе, хто як мог, так і калоў».

Пытаюся — ці ня цяжка будзе жыць безь сьвіней?

Спадар: «Мы заўсёды трымалі сьвіней...»

Спадарыня: «Увесь час, мы як сышліся, то ўсё жыцьцё трымалі, і бацькі нашы трымалі».

Спадар: «І ніхто ніякае чумы ня ведаў. Было мяса сваё, сала сваё, а цяпер як будзе — ніхто ня ведае. Усё купіць — пэнсіі ня хопіць».

Карэспандэнт: «А вам патлумачылі хоць, адкуль узялася тут афрыканская чума?»

Спадар: «Ніхто нічога не тлумачыў, сказалі, што афрыканская чума, і ўсё. А дзе тая Афрыка і чаму тут тая чума — ніхто толкам ня ведае».

Спадарыня: «Гэта нам, старым, ужо ня страшна. Дзеці неяк купяць таго мяса ў горадзе. А вось тут да нас хлопец прыяжджаў, што працуе на комплексе. Дык ён дваіх дзяцей вучыць у Менску і бядуе — як быць, як іх вучыць? Бо як прыяжджаюць, то трэба ж нешта пакласьці ў сумку дзіцяці...»

Вяскоўцы ў Дэмбраве кажуць, што цяпер у іх у гаспадарцы засталіся толькі куры
Вяскоўцы ў Дэмбраве кажуць, што цяпер у іх у гаспадарцы засталіся толькі куры

Яшчэ адна спадарыня заўважае, што сёлета хоць іх не пазбавілі мяса, бо летась сьвіней забівалі і мяса свайго ніхто ня бачыў, нават кампэнсацыю ня ўсе атрымалі. А цяпер, маўляў, ня так страшна, бо людзі ўжо да гэтага прызвычаеныя.

Спадарыня: «Ну што казаць — цяжка, вядома, будзе, бо мы ўжо прызвычаеныя мець гаспадарку. Але некалі і гэта наладзіцца. Трэба ўсё ж разумець, што жартаў з гэтым няма. Нічога, міне і гэтая бяда. Будзем жыць і будзем трымаць яшчэ сьвіней».

Мяса як саступка

Галоўны вэтэрынарны ўрач у Дэмбраве Юры Сола пацьвердзіў факт афрыканскае чумы ў вёсцы і кажа, што паводле ўсіх нормаў у такой сытуацыі ўсе сьвіньні павінны быць зьнішчаныя. Але людзям пайшлі на саступку і пасьля праверкі мяса дазволілі выкарыстоўваць яго для сваіх патрэбаў.

Праўда, дадае, што ў вёсцы абавязкова будуць правяраць кожны падворак, каб выявіць, ці насамрэч сьвіней пакалолі. Паводле спадара Сола, у сэзон грыбоў і ягад, калі людзі часта наведваюцца ў лес, адтуль і могуць занесьці інфэкцыю.

Сола: «Шляхі перадачы інфэкцыі розныя: сынантропная птушка, насякомыя-крывасмокі, аэрагенным шляхам, алімэнтарным шляхам, на адзеньні, на абутку і іншае. Вось пайшлі ў лес у грыбы ці ягады і могуць прынесьці інфэкцыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG