Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызыўнік патрабуе праверыць псыхіятра


Прызыўнік і сябра «Маладога фронту» Аляксандар Латышаў са Жлобіну зьвярнуўся зь лістом да начальніка ўправы аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалая Васількова, у якім патрабуе правесьці праверку ў дачыненьні лекара-псыхіятра мясцовай райбальніцы Валера Вінакурава.

Валер Вінакураў днямі накіраваў прызыўніка Латышава ў Гомельскі абласны клінічны псыханэўралягічны шпіталь на дасьледаваньне з фармулёўкай: «...накіроўваецца ў сувязі з удзелам у партыі „Малады фронт“».

З такой падставай накіраваньня на мэдычнае дасьледаваньне прызыўнік не пагадзіўся й напісаў у лісьце Васількову, што бачыць у гэтым «дыскрымінацыю паводле яскрава выражаных палітычных матываў».

І далей: «Дзейнае заканадаўства ня ставіць у залежнасьць стан здароўя грамадзянаў ад іх удзелу альбо няўдзелу ў палітычных партыях ды іншых грамадзкіх аб’яднаньнях».

Гомельскі прадстаўнік «Вясны» Анатоль Паплаўны, які разам зь юрыстам аказвае прававую дапамогу Латышаву, лічыць, што ў накіраваньні выразна прасочваюцца «элемэнты карнай псыхіятрыі й непрыхаваны заказ з мэтай аказаньня ціску на маладога чалавека».

Дарэчы, па выніках мэдычнага дасьледаваньня ў псыхіятрычным шпіталі Аляксандара Латышава прызналі здаровым.

Аляксандар скончыў Гомельскі чыгуначны каледж і працуе па спэцыяльнасьці ў Менску. Аднак як прызыўнік ён прыпісаны да Жлобінскага ваенкамату, дзе й праходзіў мэдычную камісію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG