Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ТБМ прапануе адзначыць 90-годзьдзе Быкава


Васіль Быкаў
Васіль Быкаў

Таварыства беларускай мовы зьвярнулася да ўладаў з ініцыятывай пашырыць сьвяткаваньне 90-годзьдзя з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры Васіля Быкава.

У звароце, адрасаваным кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Андрэю Кабякову, прапануецца пералік захадаў, якімі, на думку сябраў ТБМ, неабходна дапоўніць праграму сьвяткаваньня гэтай даты: назваць вуліцы імем Васіля Быкава ў Менску, Горадні, Віцебску і Ўшачах, адкрыць мэмарыяльную шыльду на доме ў Менску, дзе жыў пісьменьнік, выдаць канвэрты з партрэтам Васіля Быкава, стварыць музэйную экспазыцыю, прысьвечаную пісьменьніку, у Нацыянальным гістарычным музэі, Віцебскім і Гарадзенскім абласных музэях.

«Нядаўна была апублікаваная праграма мерапрыемстваў „Гродна — культурная сталіца Беларусі“. Думалася, якое ўдалае супадзеньне, у рамках „культурнай сталіцы“ можна зрабіць непараўнальна больш для памяці Васіля Быкава ў Горадні (адкрыць музэй, назваць вуліцу, паставіць помнік, павесіць мэмарыяльную шыльду, правесьці шэраг літаратурных і культурных імпрэзаў і г.д.). Аднак у апублікаванай праграме мы знаходзім толькі невялікія чытаньні ў верасьні. Ніводнага сур’ёзнага мерапрыемства, наагул ніякага мерапрыемства ў чэрвені (дзень нараджэньня Быкава — 19 чэрвеня) не сплянавана. Наагул, нічога на год не сплянавана, акрамя згаданых чытаньняў. Вакол юбілею Васіля Быкава павінна б круціцца ўся культурная праграма Горадні на гэты год. Сюды дзеля Быкава паехалі б тысячы турыстаў. У беларускіх тэатрах Віцебску і Менску павінны ўвесь год ісьці п’есы па Быкаву. У кінатэатрах павінны ісьці фільмы па Быкаву», — гаворыцца ў звароце.

Алег Трусаў
Алег Трусаў
Старшыня ТБМ Алег Трусаў дадаў у інтэрвію Свабодзе, што зварот будзе мець сілу толькі ў тым выпадку, калі шмат беларусаў зьвернуцца да чыноўнікаў з патрабаваньнем годна адзначыць юбілей Васіля Быкава. Паводле спадара Трусава, нягледзячы на тое, што сьціплая праграма сьвяткаваньня, якая цяпер складаецца толькі зь літаратурных чытаньняў, ужо зацьверджаная, час на яе ўдасканаленьне ў бок пашырэньня ёсьць.

«Ці спрацуе наш зварот, залежыць ад грамадзянаў Беларусі. Калі зварот падмацуецца хаця б 5–10 тысячамі асабістых лістоў з патрабаваньнем на годным узроўні адзначыць 90 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, то верагодна, што пункты, указаныя ў звароце, будуць выконвацца. Трэба браць асадку і пісаць на імя Мясьніковіча, Кабякова, у Адміністрацыю прэзыдэнта. Мы не адзін год зь імі працуем і ведаем, што толькі масавасьць індывідуальных лістоў можа даць станоўчы вынік. Таму адзіны спадзеў — на грамадзянаў Беларусі. Час да чэрвеня яшчэ ёсьць, праграму сьвяткаваньня можна пашырыць без праблемаў», — адзначыў Алег Трусаў.

90 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава будзе адзначацца 19 чэрвеня 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG