Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст «Белсата», якому наклалі 11 швоў: «Гэта быў хардкор»


Журналіст «Белсат» Сяргей Марчык.
Журналіст «Белсат» Сяргей Марчык.

«У пэўны момант «Беркуту» сказалі біць журналістаў», — журналіст «Белсата» Сяргей Марчык, якога разам з калегам Юрыем Высоцкім «Беркут» зьбіў у Чаркасах, распавядае «Свабодзе» пра абставіны свайго зьбіцьця і затрыманьня.

«Я такога на барыкадах нават ня бачыў. Я бачыў на свае вочы, як дзеда гадоў шасьцідзесяці-сямідзесяці „Беркут“ расстрэльваў гумовымі кулямі проста ва ўпор, недзе з мэтра — па нагах, у твар. Я не магу вам сказаць нават, у якім стане цяпер гэты чалавек, — журналіст Сяргей Марчык быў сьведкам таго, як праваахоўнікі зьбівалі людзей. — Калі я быў у шпіталі, лекары казалі, што ўжо „зашылі“ 12 чалавек, а чатыры зь іх у вельмі цяжкім стане».

Пацярпеў і сам журналіст:

«На мне была бронекамізэлька, яна мне ўратавала рэбры, — распавядае Сяргей Марчык. — Але ногі-рукі — усё ў страшных сіняках. Моцна пабіты. На галаву наклалі 11 швоў, але лекары сказалі, што страсеньня няма і косткі цэлыя».
Журналісты «Белсату» выправіліся ў Чаркасы з Кіева разам з калёнай Аўтамайдану.

«Я і мой калега Юры Высоцкі разам рабілі матэрыял пра незалежных журналістаў, якія пацярпелі ад рук праваахоўнікаў ва Ўкраіне. Мы ўчора ўвечары разам з калёнаю Аўтамайдану паехалі ў Чаркасы. У гэтай жа калёне ехала Тацьцяна Чарнавол, якая нас найбольш цікавіла як асоба для нашага рэпартажу. Калі мы прыехалі, распачаўся захоп адміністрацыйнага будынку.

Зьявіўся ў пэўны момант „Беркут“ і далей быў хардкор.

Мы здымалі момант, калі аднаго з беркутаўцаў зьбіў аўтамабіль. Мы як раз здымалі гэты момант і рабілі побач „стэнд-ап“. У пэўны момант беркутаўцы азлобіліся ў тым ліку і на нас, наляцелі, пачалі біць. Мой калега паспрабаваў мяне неяк выцягнуць з-пад дубінак „Беркута“, але пачалі зьбіваць і яго.

Нас пабілі, пасадзілі ў машыну. Разьбілі тэхніку і адразу ўсю тэхніку забралі.

Мне падаецца, у пэўны момант „Беркуту“ далі загад біць журналістаў. Пабілі ня толькі нас, але, падаецца, і журналістаў „5 канала“, „Інтэра“ і нейкага мясцовага канала.

Не магу сказаць, колькі дакладна было затрымана. У тым аўтобусе, дзе я сядзеў, было 9 чалавек, і побач яшчэ чалавек 9-10. Але калі мы ад’яжджалі, я бачыў два аўтобусы шчыльна набітыя людзьмі. Агулам можна сказаць, што 30-40 чалавек затрыманых былі ў аўтобусах.

Пасьля пэўных перамоваў і зваротаў да міліцыянтаў, нас выпусьцілі, бо ў нас польскія журналісцкія пасьведчаньні. Мяне адвезьлі ў шпіталь, бо мне трэба было швы накладаць на галаву. А калегу адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак.

Ён спрабаваў падаць заяву пра страту тэхнікі, а фактычна пра крадзеж тэхнікі, бо ў нас яе афіцыйна ніхто не канфіскоўваў. Але яму пачалі пагражаць, пачалі ціснуць на яго. Урэшце ён ледзь здолеў выбрацца з гэтага пастарунку. Прыехаў у шпіталь, там яму аказалі мінімальную мэдычную дапамогу.

Цяпер, дзякуючы дапамозе журналістаў, мы выехалі з Чаркасаў у Кіеў. Будзем там недзе праз гадзіну».

Сяргей шкадуе, што не ўдалося ўратаваць ніякіх здымкаў, але галоўнае — удалося ўратаваць жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG