Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін, Лябедзька, Янукевіч балятуюцца ў Менскі гарсавет


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч падалі дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Абодва зьбіраюцца балятавацца ў Менскі гарадзкі савет і будуць зьбіраць подпісы выбарцаў.

Пра гэта партыйныя лідэры сёньня паведамілі Свабодзе.

За мандат сталічнага дэпутата будзе змагацца і лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Але ён мае вылучацца не праз збор подпісаў, а ад партыі, што дазваляецца дзейным заканадаўствам.

Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе, што ягоная ініцыятыўная група будзе напачатку зьбіраць подпісы адразу па некалькіх акругах, што не супярэчыць Выбарчаму кодэксу:

«Адна зь іх уключае раён Камароўскага рынку. Я гэтае рашэньне прыняў пасьля таго гвалту, які ўчынілі нада мною 12 студзеня. У мяне будзе група і ў Цэнтральным раёне, і ў Савецкім. Мы ўжо падалі дакумэнты на рэгістрацыю маёй ініцыятыўнай групы, але адказу пакуль няма».

Аляксей Янукевіч сказаў, што будзе балятавацца ў Чыжоўцы, дзе жыве. Сяргей Калякін выбраў для сябе Савецкі раён, дзе шмат гадоў працаваў.

16 студзеня — апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты могуць падаць заяўкі на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Адказ яны павінны атрымаць цягам пяці дзён з моманту падачы дакумэнтаў.

Мясцовыя выбары прызначаныя на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG