Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае нямое кіно вяртаецца на радзіму


Архіў Дзяржфільмафонду ў Белых Стаўбах
Архіў Дзяржфільмафонду ў Белых Стаўбах

Пэўны час таму ў Беларусі склалася група энтузіястаў, якая паставіла за мэту вярнуць у краіну зьнятыя тут у розны час кінафільмы, копіі якіх захаваліся ў Расеі.

Дзяржаўны музэй кіно, аднак, ня меў сродкаў на рэстаўрацыю тых стужак і перавод іх у лічбавы фармат. Паўстала рашэньне зьвярнуцца па грошы да грамадзкасьці. Публічнай асобай ініцыятывы стаў Андрэй Скуратовіч, а асноўным полем зносінаў — сацыяльныя сеткі.

Спачатку беларускія кінааматары дамовіліся зь Дзяржфільмафондам Расеі, які быў ня супраць такой акцыі. Потым атрымалі дазвол ад праваўладальнікаў у Беларусі, з дапамогай спэцыялістаў склалі сьпіс фільмаў, якія трэба было капіяваць у першую чаргу. І пачаўся збор грошай. Каб адрэстаўраваць і перавесьці ў «лічбу» адну частку кінастужкі працягласьцю 10 хвілін, патрабавалася 550 расейскіх рублёў. А на ўсю падборку неабходна было сабраць крыху больш за 65 тысяч расейскіх рублёў.

Андрэй Скуратовіч
Андрэй Скуратовіч
«Справа вось у чым: сёньняшнія студэнты Акадэміі мастацтва, дый многія спэцыялісты, ня маюць магчымасьці пабачыць тыя беларускія кінастужкі, якія здымаліся яшчэ ў даваенны час, — патлумачыў сэнс акцыі Андрэй Скуратовіч. — Гэта значыць, што значная колькасьць фільмаў выйшла з культурнага ўжытку. Больш за 20 гадоў паміж Беларусьсю і Расеяй нібыта цягнуцца перамовы пра вяртаньне беларускіх фільмаў, аднак час ідзе, а справа ня рухаецца зь месца. Таму й прыйшла ідэя ўзяць ініцыятыву на сябе, каб копіі гэтых фільмаў трапілі ў фонд Музэю кіно, дзе іх зможа пабачыць кожны».

У Жывым журнале ў суполцы minsk1067 ды ў іншых месцах зьявіліся запісы пра выкуп беларускіх кінафільмаў. Тут можна пабачыць поўны сьпіс фільмаў, якія вырашана капіяваць, у тым ліку нямых і мультыплікацыйных. Было гэта ў сьнежні мінулага году, ужо пасьля таго, як пра культурную ініцыятыву паведаміў, сярод іншых, і сайт беларускай Свабоды, а копіі некалькіх фільмаў ужо былі ў Менску.

Першая партыя выкупленых фільмаў вярнулася на радзіму ў 2011 годзе. Сярод іх былі нямая стужка «Кастусь Каліноўскі» 1927 году і «Палескія рабінзоны» 1934 году. У сховішчах Дзяржфільмафонду Расеі ў Белых Стаўбах адшукалася невядомая дагэтуль вэрсія мастацкага фільму 1967 году «Житие и вознесение Юрася Братчыка» паводле сцэнарыя Ўладзімера Караткевіча.

Цягам 2013 году з расейскіх кінасховішчаў былі атрыманы яшчэ дзьве партыі кінакопіяў. Сярод гэтых фільмаў ёсьць надзвычай цікавыя. Як хоць бы стужка «Концерт Бетховена» рэжысэраў Уладзімера Шмітгофа-Лебедзева і Міхаіла Гаўронскага з музыкай Ісака Дунаеўскага, які быў зьняты Белдзяржкіно ў 1936 годзе. Як сьведчыць сайт kino-teatr.ru, гэтая стужка цягам шасьці тыдняў з аншлягам дэманстравалася на Брадвэі і прынесла СССР столькі ж валюты, колькі і славуты «Чапаеў». Сярод іншых фільмаў былі «Салавей» 1937 году, «Несьцерка» (1955), вельмі папулярная ў свой час карціна «Пушчык едзе ў Прагу» (1965).

Асаблівую ўвагу Андрэй Скуратовіч зьвярнуў на дакумэнтальную стужку «Дом на проспекте» 1962 году, у цэнтры ўвагі якой быў толькі што пабудаваны квартал каля тэлестудыі. І вось чаму.

— Па-першае, гэты фільм чамусьці зьберагаўся ў Белых Стаўбах, дзе дакумэнтальных фільмаў няма, а не ў Краснагорску. Па-другое, у фільме Пімен Панчанка чытае верш, у якім згадваецца Валгаградзкая бітва — Сталінград тады толькі перайменавалі. У самім жа фільме расказваецца пра многіх жыхароў кварталу. А ў гэтым доме ў той час, як вядома, жыў Лі Гарві Освальд. Не выключаю, што і ён трапіў у аб’ектыў кінакамэры, аднак пазьней гэты фрагмэнт са стужкі выразалі, і таму сам фільм апынуўся ў Белых Стаўбах.

Каб давяршыць задуманае, засталося сабраць каля 40 тысяч расейскіх рублёў. Прычыніліся да справы вядомыя кінэматаграфісты Міхаіл Тумеля, Ігар Волчак, Ірына Кадзюкова, Алена Турава. Шмат хто пералічвае грошы, не афішуючы сябе, як, прыкладам, нехта Косьця, які ў сьнежні мінулага году пералічыў 100 даляраў. Нехта, наадварот, сьвядома выказвае сваю пазыцыю, як партал «Тузін гітоў», які летась стаў ініцыятарам кіна-музычнага праекту «Тузін. Немаўля», а пад самы Новы год таксама пералічыў 100 даляраў. Мяркуючы па камэнтарах у ЖЧ, грошы пералічваюць ня толькі грамадзяне Беларусі. Ужо падчас кампаніі зьбіраньня сродкаў нехта невядомы перадаў у Музэй кіно навюткі тэлевізар, на экране якога можна пабачыць цяпер і фільм пра Пушчыка, які нарэшце прыехаў на Радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG