Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамковіч выдаў энцыкляпэдыю «выкрасьленых» прозьвішчаў


Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

19 лістапада ў менскай Галерэі «Ў» журналіст Аляксандр Тамковіч прэзэнтуе сваю 20-ю па ліку кнігу, якая называецца «Найноўшая гісторыя ў асобах».

Кніга на 700 старонках выйшла накладам 500 асобнікаў. У інтэрвію Свабодзе Аляксандр Тамковіч распавёў пра адрозьненьне гэтай кнігі ад сучасных афіцыйных энцыкляпэдыяў, а таксама падзяліўся плянамі пра стварэньне наступнай кнігі.

— Спадар Аляксандр, распавядзіце пра гісторыю стварэньня «Найноўшай гісторыі ў асобах»?

— У 2005 годзе падчас Кангрэсу дэмакратычных сілаў рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль прапанаваў мне весьці рубрыку нарысаў пра палітыкаў. Тады я зрабіў каля 30 такіх нарысаў. Прычым выходзілі яна парамі: Кебіч-Шушкевіч, Пазьняк-Малафееў, Грыб-Чаргінец. Пасьля нават Мікалай Чаргінец на мяне ў суд падаваў, які «Новы час», вядома ж, прайграў і атрымаў пакараньне ў выглядзе штрафу ў 23 тысячы даляраў. Празь некалькі гадоў вырашылі вярнуцца да гэтай рубрыкі, каб напісаць нарысы пра дзеячаў трэцяга сэктару. Іх атрымалася 38. Астатнія каля 40 нарысаў я напісаў пра мастакоў, літаратараў, дзеячаў культуры і вырашыў да свайго 50-годзьдзя падрыхтаваць кнігу з сотняй такіх аповедаў пра выбітных асобаў найноўшай гісторыі.

— Чым Ваша кніга адрозьніваецца ад даведнікаў, якія выдаюць дзяржаўныя выдавецтвы?

— У афіцыйных энцыкляпэдыях страшная цэнзура. Там няма ні Ганчара, ні Ганчарыка, няма нават згадкі пра БНФ, як быццам і не было яго ніколі. Такія энцыкляпэдыі выдаюцца на шыкоўнай паперы, на якой нехта спрабуе перапісаць наноў гісторыю. Я не зьдзіўлюся, калі праз 20–30 гадоў людзі ня будуць ведаць і памятаць, як і што адбывалася. Сваёй кнігай я спадзяюся трохі кампэнсаваць гэты момант, хоць такіх магчымасьцяў, як у дзяржавы, у мяне і няма. Але, як вядома, рукапісы не гараць, таму і мая праца камусьці прыдасца. А лёс сёньняшніх афіцыйных энцыкляпэдыяў будзе вельмі падобны да лёсу сталінскіх энцыкляпэдыяў, зь якіх так шмат прозьвішчаў выкрэсьлівалі, што ў выніку выкідвалі і гэтыя энцыкляпэдыі, таму што там нічога не заставалася.

— А якім чынам Вы абіралі герояў сваіх нарысаў?

— Падыход у мяне быў адзін: гэта павінны быць людзі, якія нешта вартае зрабілі ў сваім жыцьці. Атрымалася, што 90 працэнтаў маіх герояў — гэта тыя, каго б выкрасьлілі з афіцыйных энцыкляпэдыяў.



— Распавядзіце, якім чынам Вы пішаце нарысы? Сустракаецеся з асобай, пра якую пішаце? Зьбіраеце інфармацыю з тых крыніцаў, якія ўжо апублікаваныя?

— Найперш, асабіста сустракаюся. За выключэньнем некалькіх выпадкаў, як, напрыклад, з Нілам Гілевічам. Сустракаюся і раблю інтэрвію. Пасьля ўдакладняю некаторыя факты. На жаль, я ня раз сустракаўся з тым, што, асабліва ў Інтэрнэце, вельмі шмат недакладнай і няслушнай інфармацыі. Гэта можа тычыцца нават даты нараджэньня чалавека, ня кажучы ўжо пра нейкія дэталі яго біяграфіі.

У якім кірунку будзеце працягваць пісьменьніцкую дзейнасьць?

— Ужо цяпер маю пляны. Справа ў тым, што кніга «Найноўшая гісторыя ў асобах» ахоплівае ў асноўным сталых людзей. Самы малады яе пэрсанаж — Павал Севярынец. Вось зараз у мяне ёсьць ідэя працягнуць такія нарысы, але ўжо пра асобаў маладзейшых, тых, каму цяпер 30–50 гадоў, а то і менш. Гэта тыя людзі, якія робяць гісторыю ў гэты момант. Можа, яны не знаходзяцца ў непасрэдным фокусе грамадзкай увагі, але я лічу, што гэта несправядліва. Таксама хачу сказаць, што ў гэтай сотні асобаў, якія апісаны ў новай кнізе, няма ніводнага сьпевака ці музыкі. Дык вось пра іх я буду рабіць асобную кнігу. У нас ёсьць Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Алег Хаменка і шмат іншых. Таму, калі Бог дасьць, трэба пра іх таксама напісаць. У мяне ўжо і назва гатовая — «Мэлёдыі жыцьця». Вядома, нешта падобнае ўжо рабілася, але тут такая справа, што хай лепш такіх кніг будзе больш.

— Ці будзе кніга перакладацца на іншыя мовы?

— Так, будзе выданьне па-ангельску. Кніга будзе меншай — старонак 400-500 і будзе ўтрымліваць шмат фотаматэрыялаў. Я лічу, што такое выданьне можа стаць незаменнай настольнай кнігай для дыпляматаў, якія прыяжджаюць у Беларусь. Пад адной вокладкай можна знайсьці ўсю сучасную гісторыю, паглядзець фотаздымкі выбітных людзей, якіх у англамоўным выданьні будзе на цэлых 100 старонак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG