Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка: У эканамічны правале ў 2013-м вінаваты Мытны зьвяз

абноўлена

Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў пра невыкананьне прагнозных паказьнікаў беларускай прамысловасьцю.

Паводле Сямашкі, аб’ём вытворчасьці прамысловай прадукцыі ў 2013 годзе зьнізіцца на 2% у параўнаньні з 2012 годам:

«Па году 98% тэмп росту прамысловай вытворчасьці, складзкія запасы зьнізяцца да 62% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці»,— заявіў Сямашка, выступаючы ў чацьвер у беларускім парлямэнце.

Ўладзімер Сямашка канстатаваў «відавочны правал» у працы цэлага шэрагу галінаў прамысловасьці і асобных вытворчых гігантаў, такіх як БелАЗ і Беларускі мэталюргічны завод.

Сямашка зазначыў таксама, што заводзкія сховішчы цяпер перапоўненыя гатовай прадукцыяй.

Сярод прычын няўдалага году для беларускай эканомікі, Сямашка назваў недасканаласьць заканадаўства Мытнага саюза, выключэньні і абмежаваньні, якія існуюць у ім.

Напрыклад, сёлетняя пастанова расейскага ўраду закрыла доступ на расейскі рынак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. А з-за ўтылізацыйнага збору на аўтамабільную тэхніку ў Расеі стане неканкурэтным і прадукцыя МАЗ — яго цана вырасьце на 18%, прызнаў Сямашка.

Штогадовыя страты Беларусі ад утылізацыйнага збору на аўтавытворцаў Мытнага саюза ацэньваюцца ў 350 мільёнаў даляраў, удакладніў Уладзімер Сямашка, выступаючы ў Нацыянальным сходзе.

На думку першага віцэ-прэм’ера, Беларусь занадта моцна прывязана да рынку адзінай эканамічнай прасторы і колішніх краінаў СССР. Таму, як лічыць першы віцэ-прэм’ер, неабходна тэрмінова асвойваць рынкі далёкага замежжа, а для гэтага неабходна ўваходзіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Паводле дадзеных Сямашкі, за першыя 9 месяцаў гэтага года прамысловасьць выканала сваё заданьне на 95,4%, у той час як пастаўленая задача па выніках года дасягнуць 107%.

Уладзімер Сямашка патлумачыў, чаму ён надзяліў такую вялікую ўвагу прамысловасьці: менавіта яна зьяўляецца, як сказаў першы беларускі віцэ-прэм’ер, донарам для ўсіх іншых галінаў беларускай эканомікі.

Эканаміст Болтачка: «Спачатку ўступілі. Цяпер разьбіраемся — куды»


Экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка так пракамэнтаваў «Свабодзе» сёньняшнія выказваньні Ўладзімера Сямашкі:

«Да пачатку аб’яднаньня, да стварэньня Мытнага саюзу беларускі бок, на жаль, не праводзіў аналітычнай працы. Толькі ў выглядзе нейкіх слоганаў і выказваньняў з вуснаў самых высокіх беларускіх чыноўнікаў гучалі лічбы ў некалькі мільярдаў даляраў, якія Беларусь атрымае ад саюзу трох краін. Але канкрэтных разьлікаў, канкрэтных лічбаў не было.

І сёньняшнія словы спадара Сямашкі пацьвярджаюць, што мы спачатку ўступілі, а цяпер пачынаем думаць — а куды ж мы ўступілі?

Чаму не атрымліваецца? У Мытным саюзе ў саюзьнікаў ёсьць уласныя арыенціры. У Беларусі — фінансавыя, каб выйграць ад гэтага аб’яднаньня нейкую суму. У Казахстану інтарэсы — лягістычныя. А Расея рэалізуе свае геапалітычныя пляны па адраджэньні Савецкага Саюзу ў новай форме. Кожны цягне коўдру на сябе. Таму Мытны саюз у цэлым і не прыносіць таго плёну, які хацелі б атрымаць многія».



Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў таксама падкрэсьлівае, што пры стварэньні Мытнага саюзу сапраўды было зашмат сьпешкі. Але Беларусі грэх скардзіцца на Маскву. Менск атрымлівае мільярды даляраў штогод за кошт танных газу і нафты. А калі б Лукашэнка адмовіўся падпісаць дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу, то Крэмль прадаваў бы сюды энэрганосьбіты па ўкраінскіх альбо літоўскіх цэнах, заўважае Леанід Злотнікаў:

«Мы ж пачалі атрымліваць свае мільярды за год да таго, як пачаў працаваць Мытны саюз. На год раней нам дала Расея льготы па газу. Гэта плата за тое, што Лукашэнка на год раней падпісаў дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу. А як жа? Мільярды пайшлі, вось і сьпяшаліся.

А цяпер ёсьць рэальны факт, які ўсе прызнаюць. Існуе маса выняткаў, няма дакладных інструкцыяў, ясных зразумелых дачыненьняў у рамках Мытнага саюзу. Нарматыўная база дагэтуль яшчэ распрацоўваецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG