Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — у лідэрах па працы «на дзядзьку»


26% дарослага (старэйшага за 15 гадоў) насельніцтва ў сьвеце зьяўляюцца наёмнымі працаўнікамі, занятымі поўны працоўны дзень (ня менш за 30 гадзін на тыдзень). Пры гэтым адпаведны паказьнік у Беларусі — адзін з самых высокіх у сьвеце — 48%.

Больш высокія паказьнікі — толькі ў Кувэйта (51%), Швэцыі (52%) і Ірляндыі (60%). Для параўнаньня — у Літве гэты паказьнік складае 45%, у Расеі — 44%, у ЗША — 43%, ва Ўкраіне −41%, у Польшчы і Нямеччыне — па 32%.

Аб гэтым сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага сацыялягічным цэнтрам Gallup organization у 140 краінах сьвету. Вынікі былі атрыманыя шляхам тэлефонных і face-to-face апытаньняў.

Згаданы паказьнік ня ўлічвае ўсіх занятых працоўнай дзейнасьцю: паводле апытаньня Gallup organization, 18% дарослых у сьвеце працуюць поўны працоўны дзень, але не на наймальніка, а на сябе.

Гэты паказьнік вар’юецца ад 5% ў Канадзе і ЗША да 28% ва Ўсходняй Азіі.

Паводле дасьледаваньня Gallup organization, доля тых, хто працуе на наймальніка поўны працоўны дзень, шчыльна зьвязаная з багацьцем краіны, доляй ВУП на душу насельніцтва. Больш багатыя краіны ў сярэднім маюць большы адсотак свайго насельніцтва, які працуе па найме, у той час як у бедных краінах, як правіла, большы адсотак людзей працуе на сябе.

Аднак Беларусь зьяўляецца ў пэўным сэнсе выключэньнем з гэтага правіла: пры адным з самых высокіх у сьвеце паказьнікаў долі тых, хто працуе па найме поўны працоўны дзень, яна мае сярэдні ўзровень заможнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG