Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл пацьвердзіў арышт ксяндза Лазара


Ад падрабязных камэнтароў пра справу арыштаванага ксяндза Ўладзіслава Лазара, пробашча парафіі ў Барысаве, у менскай курыі Рыма-каталіцкага касьцёла адмаўляюцца, спасылаючыся на адсутнасьць дакладнай інфармацыі.

Часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі айцец Юрый Санько пацьвердзіў Свабодзе факт арышту ксяндза Ўладзіслава Лазара:

«Мы ведаем пра гэты факт, але ня маем дакладнай інфармацыі, за што ён затрыманы. Чакаем, калі зьявяцца на гэты конт афіцыйныя паведамленьні».

Юрый Санько зазначыў, што гэтая справа знаходзіцца ў руках дзяржаўных органаў, у прыватнасьці, ёю займаецца нунцыятура (амбасада Ватыкану).

Разважаць на тэму, ці зьвязана затрыманьне ксяндза Ўладзіслава Лазара з агучаным у мінулую пятніцу Аляксандрам Лукашэнкам шпіёнскім скандалам, Юрый Санько адмовіўся, спаслаўшыся на той самы недахоп афіцыйнай інфармацыі.

У КДБ інфармацыю пра затрыманьне супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі айца Лазара не пацьвярджаюць і не абвяргаюць:

«Мы не камэнтуем гэтую інфармацыю», — заявілі агенцтву Інтэрфакс у прэс-службе КДБ у панядзелак.

Як паведамілі раней СМІ, каля месяца таму быў арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве.

У мінулую пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы:

«Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які служыў у спэцслужбах і які праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы быў зьвязаны з замежнымі дзяржавамі».

Лукашэнка адзначыў журналістам, што гэты чалавек «ня толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG