Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі гаварылі пра падабенства Беларусі і Азэрбайджану


Будынак Эўрапарлямэнту
Будынак Эўрапарлямэнту

У Эўрапарлямэнце абмеркавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і іншых краінах «Усходняга партнэрства».

У якасьці сьпікераў па беларускім пытаньні ў камітэце правоў чалавека ў Эўрапарлямэнце выступілі праваабаронцы Алена Танкачова і Ўладзімер Лабковіч.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтар прававой трансфармацыі» Алена Танкачова паведаміла БелаПАН пасьля пасяджэньня:

«Мы распавялі пра нашу ацэнку сытуацыі з выкананьнем правоў і свабодаў у Беларусі, а таксама выказалі свае рэкамэндацыі наконт таго, як можа быць палепшана камунікацыя паміж эўрапейскімі інстытутамі і інстытутамі ААН у адносінах да сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі».

Танкачова заявіла, што беларускія праваабаронцы падтрымалі высновы і рэкамэндацыі, зробленыя ў справаздачы спэцдакладчыка Рады ААН па правах чалавека Міклаша Харасьці:

«Мы лічым, што эўрапейскія структуры павінны ўзмацніць узаемадзеяньне са спэцдакладчыкам і ў пытаньні ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека абапірацца менавіта на высновы і рэкамэндацыі, якія ім робяцца. Мы таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што шэраг спэцдакладчыкаў Рады ААН па правах чалавека, у тым ліку па пытаньнях катаваньняў, СМІ, свабоды асацыяцый і сходаў, па адвольных затрыманьнях, прасілі беларускія ўлады аб магчымасьці прыехаць у краіну дзеля азнаямленьня з сытуацыяй, але ім гэтай магчымасьці не даюць. Мы лічым, што настойваць на іх запрашэньні ў Беларусь варта ўсімі магчымымі спосабамі».

На пасяджэньні прысутнічаў дакладчык Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі Юстас Палецкіс.

Алена Танкачова
Алена Танкачова
«Мы таксама зьвярнуліся да ягонага дакладу. Палецкіс прадэманстраваў здольнасьць да камунікацыі з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. На сёньня тыя заўвагі і крытыка, якія былі выказаныя па першым праекце ягонага дакладу, ужо знайшлі сваё адлюстраваньне ў дакумэнце».

Паводле Танкачовай, прадстаўнікі Азэрбайджану ў ходзе пасяджэньня зьвярнулі ўвагу на падабенства іхняй сытуацыі зь беларускай, казалі пра палітычных зьняволеных, адсутнасьць свабоды слова, сходаў і асацыяцый.

«Яны зазначылі, што гэтыя працэсы ў іх знаходзяцца ў фазе абвастрэньня, як гэта адбылося ў Беларусі ў сьнежні 2010 году. Цяпер у Азэрбайджане аналягічная, на іх думку, сытуацыя ў сувязі з набліжэньнем выбараў», — сказала кіраўніца «Цэнтру прававой трансфармацыі» Алена Танкачова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG