Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь публічна адмовілася выконваць рашэньне ААН


Апошняе фота Бяляцкага на волі
Апошняе фота Бяляцкага на волі

А прадстаўнікі беларускай дэлегацыі назвалі Алеся Бяляцкага злачынцам. Выступ адбыўся 5 сакавіка падчас правядзеньня 22 сэсіі Рады па правах чалавека ААН.

«Разглядаем заключэньне Працоўнай групы па справе Бяляцкага як спробу апраўдаць злачынцу шляхам прылічэньня яго да праваабаронцаў, умяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы», — так адрэагавала беларуская дэлегацыя ў ААН на рашэньне Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманьнях, вынесенае з нагоды справы Алеся Бяляцкага.

Беларуская дэлегацыя таксама заявіла, што спыняе супрацу з Працоўнай групай і не зьбіраецца выконваць яе рашэньне.

«Беларусь заўсёды канструктыўна ставілася да ўзаемадзеяньня з тэматычнымі працэдурамі Рады, прадстаўляла на яе адрас усю інфармацыю, якая запатрабоўвалася. Аднак у такіх умовах з улікам скрайняй палітычнай ангажаванасьці Працоўнай групы, адсутнасьці прафэсійнай этыкі ў яе дзейнасьці Беларусь ня бачыць сэнсу для далейшага ўзаемадзеяньня з Працоўнай групай у яе цяперашнім складзе».

«Такога яшчэ не было, каб адкрыта адмовіліся ад супрацоўніцтва, — кажа праваабаронца Тацьцяна Равяка. — Раней проста ігнаравалі выкананьне сваіх абавязкаў. А гэта першая публічная заява пра адмаўленьне ад супрацоўніцтва».

31 жніўня 2012 году Працоўная група ААН па адвольных затрыманьнях прызнала затрыманьне Алеся Бяляцкага адвольным. Тым жа рашэньнем група абвясьціла, што «адэкватнымі сродкамі прававой абароны зьяўляецца вызваленьне сп. Бяляцкага і наданьне яму законнага права на кампэнсацыю ў адпаведнасьці з артыкулам 9, пунктам 5 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП)», — паведамляе «Вясна-96».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Тацьцяна кажа, што тэкст выступу атрымалі толькі цяпер. З гэтай нагоды намесьнік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч накіраваў зварот да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Ён патрабуе забясьпечыць кантроль за выкананьнем рашэньня Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях па справе Алеся Бяляцкага. У сувязі з гэтым Валянцін Стэфановіч просіць міністра замежных спраў забясьпечыць кантроль за выкананьнем рашэньня Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях ААН па справе Алеся Бяляцкага, зрабіць захады па садзейнічаньні выкананьню дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь дадзенага рашэньня і паведаміць пра зробленыя захады ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Стэфановіч нагадвае, што Беларусь як сябра ААН абавязаная выконваць рашэньні ўсіх органаў ААН, а кантроль за іх выкананьнем ускладзены якраз на МЗС.

«Тое, што Беларусь ігнаруе рашэньні структураў ААН, гэта ні для кога не сакрэт, — тлумачыць Тацьцяна Равяка. — Вось ёсьць дагаворны орган — Камітэт па правах чалавека ААН. Туды нашыя грамадзяне зьвяртаюцца са скаргамі».

Гэты Камітэт прыняў ужо 46 скаргаў ад беларускіх грамадзянаў. І ў 44 выпадках было прызнана, што Беларусь парушыла правы грамадзянаў. «Ніводная пастанова з гэтых 44 ня выкананая, — кажа Тацьцяна. — У тым ліку і па скасаваньні ПЦ „Вясна“».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG