Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джуд Ло зьнімецца ў фільме «Свабоднага тэатру»

абноўлена

Джуд Ло на пікеце ў падтрымку беларускіх палітвязьняў (архіўнае фота)
Джуд Ло на пікеце ў падтрымку беларускіх палітвязьняў (архіўнае фота)

Вядомы брытанскі актор Джуд Ло выступіць у кароткамэтражным фільме, сцэнар якога напісалі ўдзельнікі «Свабоднага тэатру» зь Беларусі і ангельскі драматург Лора Ўэйд.

Прадуцэнтамі фільму будуць газэта Guardian і лёнданскі тэатар «Young Vic».

Гэта ня першы выпадак супрацоўніцтва Джуда Ло са «Свабодным тэатрам». Падчас паказу ў Лёндане ў сьнежні 2010 году спэктакляў беларускага «Свабоднага тэатру» «Спасьцігаючы каханьне» і «Лічбы», ён прыняў удзел у пастаноўках. Тады таксама Джуд Ло выступіў зь відэазваротам да беларусаў, у якім падкрэсьліваў значнасьць свабоды слова і свабоды творчага выказваньня.

Пра што будзе гэты фільм, наколькі ён зьвязаны зь Беларусьсю, каго будзе граць Джуд Ло, ці для Свабоднага тэатру гэта будзе першы досьвед працы ў кіно? На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць аднаго з кіраўнікоў тэатру Мікалая Халезіна:

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін
«Кінапраект лёнданскага тэатру Young Vic і газэты Guardian - гэта спроба шчыльна зьвязаць тэатар з кінэматографам. У аснове яго ідэі - кінаадаптацыі ў кароткамэтражнай мастацкай форме самых гучных спэктакляў, якія ідуць на працягу сэзону на сцэне тэатру Young Vic сіламі творчых тэатральных групаў. Але прачытаньне гэтых спэктакляў хутчэй алегарычнае, у форме кароткай мэтафары. Беларускі Свабодны тэатар апынуўся ў ліку чатырох груп дзякуючы пасьпяховым праектам на сцэне тэатру Young Vic, рэзыдэнтам якой зьяўляецца беларускі калектыў.

Умовы ва ўсіх чатырох творчых груп аднолькавыя: выдзелена аднолькавая сума на здымачныя выдаткі, пры захаваньні абсалютнай творчай свабоды, кастынгу і стылю выкладу матэрыялу.

Першапачатковы штуршок да стварэньня сцэнару дала Натальля Каляда, прапанаваўшы зьмясціць гісторыю ў тэрмінале аэрапорту. Пасьля гэтага я напісаў сцэнар, запрасіўшы да супрацоўніцтва бліскучага драматурга Лору Ўэйд, якая адаптавала яго пад брытанскую аўдыторыю. Мы шмат гадоў сябруем і добра разумеем адно аднаго, таму над сцэнаром працавалася лёгка. Гэтая лёгкасьць канвэртавалася ў вынік: сцэнар быў прыняты зь першага драфту - мы яго практычна не дапрацоўвалі, што для кінэматаграфічнага асяродзьдзя вялікая рэдкасьць.

Асноўнай ідэяй было напаўненьне гэтай кароткай кінагісторыі асабістым стаўленьнем, як гэта і адбываецца ў сцэнічных працах Свабоднага тэатру, таму мы абапіраліся на нашы перажываньні і досьвед апошніх гадоў. Менавіта таму ўзьнікла ідэя запрасіць для здымкі Джуда Ло. Гэта было абумоўлена некалькімі момантамі. Па-першае, мы сябруем ужо некалькі гадоў. Па-другое, Джуд - адзін з папячыцеляў Свабоднага тэатру. Па-трэцяе, у нас ужо быў досьвед супольнай працы: Джуд разам з Сiенай Мілер выходзіў на сцэну ў нашым спэктаклі «Спасьцігаючы каханьне» ў Young Vic увосень 2010 году. А ў 2011 годзе мы зь ім удвох сыгралі спэктакль «Пакаленьне Jeans» у будынку Брытанскага Парлямэнту.

Сюжэт фільму будуецца вакол сустрэчы ў тэрмінале лёнданскага аэрапорту беларуса, які мае перасесьці на рэйс да Менску, і брытанца, які вярнуўся дадому. Не хачу расказваць сюжэт, каб захавалася інтрыга для гледачоў. Галоўныя ролі сыграем мы з Джудам, паколькі мы збольшага зьяўляемся прататыпамі герояў, а функцыі рэжысэра пагадзіўся ўзяць на сябе Валодзя Шчэрбань.

Здымкі маглі адбыцца яшчэ паўгода таму, але мы ніяк не маглі ўзгадніць графікі - то ў Джуда былі доўгатэрміновыя кінапраекты, то ў нас гастролі. У нейкі момант мы ўжо пачыналі зандаваць удзел у праекце іншых актораў, але ў выніку знайшлі ў графіках сумяшчэньне ў канцы траўня. Цяпер маюць быць здымкі і мантаж, пасля чаго фільм будзе паказаны на сайце газеты Guardian.

Для Свабоднага тэатру гэта першы зварот да кінэматографу, і мы спадзяемся што не апошні. У нас ёсьць гісторыі і ёсьць доступ да вядучых брытанскіх кінапрадзюсэраў, - мы вядзем перамовы і паступова прасоўвацца да стварэньня поўнамэтражнага кіно».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG