Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнік? А колькі ты нарыхтаваў макулятуры?


У Клімавіцкім раёне, што на Магілёўшчыне, настаўнікі вымушаны зьбіраць макулятуру, мэталалом, плястыкавыя бутэлькі, каб выканаць даведзены школам плян здачы другаснай сыравіны.

Знайсьці яе ў раёне цяжка: мэталалом вывозяць у суседнюю Расею, а выканаць патрабаваньне наконт макулятуры перашкаджае тое, што людзі не выпісваюць, як раней, газэт і не купляюць кніг. Вучні ня маюць ахвоты дапамагаць настаўнікам.

Пра тое, што клімавіцкія настаўнікі вымушаныя самі зьбіраць другасную сыравіну, паведаміў адзін зь іх. Сваё імя ён папрасіў не называць. Паводле настаўніка, вучні яе зьбіраюць, але іхні ўнёсак у выканьне пляну нязначны. Настаўнікі самі ходзяць шукаць макулятуру, мэталалом, плястыкавыя бутэлькі.

«Мэталалом у Расеі даражэйшы, усё вывозіцца туды, і тут знайсьці што-небудзь складана. Вышукваюцца месцы, дзе нікога не было, і выцягваецца адтуль усё, што змагло даляжаць да нашага зьяўленьня. Гэта ўсё адмоўна адбіваецца і на іміджы настаўніка. У нас дзеці могуць пагрэбаваць цягнуць у школу тое, што вымушаны здабываць настаўнік».

Суразмоўца зазначае: настаўнікі незадаволеныя, што мусяць займацца абы-чым. Незадаволенасьць, аднак, не выходзіць за межы пэдагагічнага калектыву, бо адкрыта выказвацца настаўнікі баяцца:

«Знайсьці працу ў раёне пасьля такіх выказваньняў будзе нерэальна. У нас жа рэпрэсія адна — кантракт не працягнулі. Зразумела, гэта ненармальная сытуацыя, калі людзей літаральна тэрарызуюць у адкрытую вось гэтай непрафэсійнай дзейнасьцю. Дзяржаве мо й выгадна, што ёй дастаецца сыравіна за бесцань, але ж у пройгрышы застаецца прафэсійная дзейнасьць».

У Клімавіцкім райвыканкаме пацьвердзілі, што настаўнікі зьбіраюць другасную сыравіну. Паводле чыноўнікаў, яны выконваюць загад вышэйстаячых арганізацыяў.

«Летась быў плян здачы мэталалому — 70 тон на аддзел адукацыі, сёлета — 66 тон. Гэта ж па ўсёй вобласьці, ня толькі ў нашым раёне. Аддзелам адукацыі даведзены плян. Вось макулятуры трэба сабраць за 200 тон на аддзел адукацыі. Палімэры, тэкстыль — таксама. Гэта ж другасная сыравіна — ад гэтага ж залежыць магутнасьць нашай краіны. Усё ідзе на перапрацоўку».

Клімавіцкі журналіст, які ў адукацыі адпрацаваў 18 год, Сяргей Аржанцаў кажа: паводле справаздачы райвыканкаму, у раёне летась было нарыхтавана амаль 350 тон макулятуры, 42 тоны палімэрных і 300 тон шкляных адкідаў. Але трэба ўлічваць, што закупныя цэны на другасную сыравіну невысокія:

«Такая колькасьць зьбіраецца з дапамогай прымусовых мер. Мой знаёмец, настаўнік зь вясковай школы, кажа, што пэдагогам даведзены плян — кожнаму па 180 кіляграмаў прынесьці макулятуры. То адчуваеш, у якім становішчы яны апынуліся. Сытуацыя, я вам скажу, абуральная».

Зьбіраць другасную сыравіну ў школах бяруцца больш пад канец навучальнага году. Калі ў вялікіх гарадах макулятуру знайсьці няцяжка, то ў невялікіх райцэнтрах і вёсках з гэтым праблема, бо людзі ўжо не выпісваюць столькі газэт і не купляюць столькі кніг, як раней. Што да палімэрных адкідаў — плястыкавых бутэлек, то іх звычайна ў вялікіх гарадах зьбіраюць бадзягі.

Эканаміст Андрэй Юркоў лічыць, што чакаць вялікага эканамічнага эфэкту ад удзелу ў зборы другаснай сыравіны настаўнікамі і школьнікамі не выпадае. Тую сыравіну, якая дае выгаду, і так зьбіраюць добра, кажа спадар Юркоў, бо працэс яе збору адладжаны. Калі школы і ўцягваць у нарыхтоўку другаснай сыравіны, дык толькі дзеля адукацыйна-асьветніцкіх мэтаў, зазначае Андрэй Юркоў:

«Каб дзеці зь дзяцінства прывыкалі, што другасную сыравіну трэба зьбіраць. Што трэба аб нашым навакольным асяродзьдзі турбавацца. А ў нас жа настаўнікі — абсалютна залежныя людзі ад гэтай сыстэмы. Ім трэба выконваць пляны, куды ім падзецца. Тут іншыя павінны ставіцца мэты. Тут эканомікай і ня пахне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG