Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжым без фоташопу


Суд у справе Belarus Press Photo 2011 і прызнаньне альбому экстрэмісцкім абазначыў пераход рэжыму у новы якасны стан.

Да гэтага пра рэжым можна было казаць як пра дыктатуру (жорсткае падаўленьне, аж да забойстваў, палітычных апанэнтаў) і аўтакратыю (усё кантралюецца адной асобай).

Але пры аўтакратыі звычайна застаюцца «зоны свабоды» ці, лепей сказаць, своеасаблівыя палітычныя і інтэлектуальныя «гета», дзе чалавек можа даць волю сваім меркаваньням. У часы Брэжнева іх ролю адыгрывалі «кухні» — не было сям’і, ад рабочага да члена ЦК і сакратара абкаму, дзе нельга было не пачуць анекдоты пра Леанід Ільіча (сьведчу як сын сакратара абкаму). Напрыклад, наш куратар на журфаку чула, як мы расказваем такія анэкдоты — і рабіла выгляд, што ня чуе. А вось пры Сталіне такое было немагчыма — яна павінна была б імгненна дакласьці, і нас бы безумоўна пасадзілі — а калі б не даклала, пасадзілі б яе.

Пры таталітарызме ўлада кантралюе ня толькі прэсу, плошчу, студэнцкую аўдыторыю, калектыў — яна кантралюе душу. Таксама, як адзначае Вікіпэдыя, «важнай асаблівасьцю таталітарызму зьяўляецца стварэньне ілюзіі поўнага ўхваленьня народам гэтай улады».

Сутнасьць судовага працэсу ў Ашмянах — адлюстраваньне (без ідэалягічнага фоташопу!) рэчаіснасьці — прызнанае парушэньнем закону. Такім чынам, з гэтага моманту ўлада бярэ на сабе функцыі вызначаць, як чалавек павінен ацэньваць тое, што бачыць навокал (у тым ліку і яе, уладу). Іншымі словамі — як ён павінен думаць.

Гэта ўжо — прыкмета таталітарызму.

Зусім магчыма, што гэтая прыкмета не атрымае разьвіцьця. Але ня выключана, што зробіца агульнай практыкай.

Як будзе — залежыць ад грамадзтва.

Своеаблівасьць Лукашэнкі ў тым, што цягам свайго амаль дзевятнаццацігадовага кіраваньня наступ на дэмакратыю, на свабоду, на нацыянальнае Адраджэньне ён рабіў, так бы мовіць, навобмацак: праглынуць ці не?

Зьняў з пасады галоўнага рэдактара парлямэнцкай газэты Сярэдзіча — грамадзтва, у большасьці, прамаўчала — і пачаўся маштабны ціск на прэсу.

Зьбіў дзевятнаццаць дэпутатаў БНФ — грамадзтва, у большасьці, прамаўчала — і пад дубінкамі АМАПу апынуліся тысячы і тысячы.

Ліквідаваў нацыянаьны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа — грамадзтва, у большасьці, прамаўчала — і зьявіліся абласныя цэнтры, дзе няма ніводнай беларускай клясы.

Як будзе далей — і цяпер залежыць ад грамадзтва. Прамаўчыць — значыць, можна будзе чакаць сьпяваньня дзяржаўнага гімну перад рабочай зьменай ды зачытваньня цытатаў кіраўніка дзяржавы перад пачаткам заняткаў у школах і ВНУ, як гэта адбываеца ў некаторых сярэднеазіяцкіх краінах і ў Паўночнай Карэі.

А той, хто ня будзе сьпяваць — пойдзе пад суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG