Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Kino Świat: Мы не адмовімся ад распаўсюду фільму «Жыве Беларусь»


«Цяпер фільм у кінатэатрах, — паведаміла Ізабэла Лясовы-Цібар, прадстаўніца кампаніі «Kino Świat».

Кампанія распаўсюджвае фільм на тэрыторыі Польшчы. Ізабэла Лясовы-Цібар пацьвердзіла, што яны атрымалі ліст ад амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка.

У ім беларускі амбасадар заклікаў польскага дыстрыбутара адмовіцца ад распаўсюду фільму «Жыве Беларусь».

«Ніводзін з паказаных у стужцы фрагмэнтаў ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнару», — напісана ў лісьце. Карціна Беларусі, пададзеная ў фільме, названая «фальшывай», а фільм і яго распаўсюд прадстаўленыя як спроба пасварыць беларусаў і палякаў.

«Мы распаўсюджваем мастацкія фільмы. Гэта не дакумэнтальнае кіно. А кожны мастацкі фільм — гэта прадукт бачаньня творцаў. Таму мы не ацэньваем яго з пункту гледжаньня фактаў».

Цяпер «Жыве Беларусь» ідзе ў кінатэатрах розных польскіх гарадоў.

Франак Вячорка, прататып галоўнага героя фільму:
Гэта значыць, што спэцслужбы ці, можа, сам Гайсёнак фільм паглядзелі. І ён ня мог ім спадабацца

«Мы даўно чакалі гэтага ліста, гэтай рэакцыі. Гэта значыць, што спэцслужбы ці, можа, сам Гайсёнак фільм паглядзелі. І ён ня мог ім спадабацца. Бо ён адкрывае найбольш балючыя месцы лукашэнкаўскага рэжыму».

Франак лічыць, што, з аднаго боку, рэакцыя амбасады — добрая рэкляма для фільму: значыць, ён «сапраўды ўдарыў па самым балючым».

«А зь іншага боку, шкада, што беларуская дзяржава ня здольная ўспрымаць мастацкі фільм як кіно. А ўспрымае любы крок як палітычную акцыю», — разважае ён.

Франак Вячорка ўпэўнены: фільм будзе цікавы любому беларусу і ў Беларусі яго абавязкова пабачаць. У хуткім часе фільм рушыць па розных гарадах Беларусі. Гэтыя паказы будуць сумяшчацца з канцэртамі «забароненых» музыкаў.

«Я мару, каб фільм паказалі ў кінатэатрах, — кажа Франак Вячорка. — Але, найхутчэй, гэта адбудзецца ўжо пасьля зьмены ўлады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG