Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская амбасада супраць фільму «Жыве Беларусь»


Кадр зь фільму
Кадр зь фільму

«Жыве Беларусь» — гэта спроба пасварыць беларусаў і палякаў. Ліст з такім зьместам накіраваў распаўсюднікам фільму «Жыве Беларусь» кампаніі «KINO ŚWIAT» Віктар Гайсёнак, беларускі амбасадар у Польшчы.

«Ніводзін з паказаных у стужцы фрагмэнтаў ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнару», — напісана ў лісьце. Карціна Беларусі, пададзеная ў фільме, названая «фальшывай», а фільм і яго распаўсюд прадстаўленыя як спроба пасварыць беларусаў і палякаў.

Беларуская амбасада заклікала польскага дыстрыбутара адмовіцца ад распаўсюду фільму «Жыве Беларусь».

Аляксей Зелянкоў, прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы, паведаміў Радыё Свабода, што ліст быў накіраваны 15 красавіка і што гэта ініцыятыва амбасады.

Зелянкоў: «У польскай прэсе ёсьць шмат рэклямы гэтага фільму, які ўвязваецца з палітычнай сытуацыяй у Беларусі і робіцца акцэнт, што ў ім паказаная праўдзівая сытуацыя ў Беларусі. Пра гэта кажуць і стваральнікі фільму. Таму мы палічылі мэтазгодным напісаць такі ліст».

Радыё Свабода: «А які фільм вы б прапанавалі паглядзець пра Беларусь?»

Зелянкоў: «Мы б прапанавалі „Брэсцкую крэпасьць“ паглядзець».

Самога фільму Аляксей Зелянкоў не глядзеў — бачыў толькі трэйлер.

«Я яго пагляджу толькі тады, калі ён зьявіцца ў інтэрнэце. Плаціць за яго грошы я ня буду», — заключае прэс-сакратар беларускай амбасады ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG