Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстуеце? Шукайце працу ў Расеі…

абноўлена

У Мсьціславе працаўнікі дарожна-будаўнічага ўчастку вымушаныя зьяжджаць на заробкі ў Расею, бо пасьля акцыі пратэсту ня могуць уладкавацца ў сваім раёне.

Пры канцы сакавіка на прадпрыемстве быў трохдзённы страйк. Так працаўнікі адрэагавалі на аб’яднаньне дарожна-будаўнічага ўчастку зь перасоўнай мэханізаванай калёнай № 271.

Пра страйк паведаміў былы работнік дарожна-будаўнічага ўчастку, які не пажадаў называць сваё імя. Паводле яго, акцыя пратэсту доўжылася ад 22 па 25 сакавіка. Даваць пратэсту агалоску людзі тады не наважыліся, спадзеючыся, што канфлікт разьвяжацца без прыцягненьня сродкаў масавай інфармацыі. Зьвярнуцца ў СМІ, аднак, вырашылі, калі пачаўся перасьлед найбольш актыўных пратэстоўцаў.

Работнікі дарожна-будаўнічага ўчастку наважыліся на пратэст, калі даведаліся, што аб’яднанай арганізацыяй будзе кіраваць цяперашні начальнік ПМК № 271 Фёдар Падабед.

«Семдзесят працэнтаў людзей, якія ў нас працавалі, ужо працавалі ў Падабеда. Ён сваю арганізацыю дабіў „да ручкі“. 57 чалавек звольніліся адразу ж у дзень аб’яднаньня. Тры дні мы баставалі. Толку ніякага. Нам за гэтыя дні, што мы баставалі, паставілі прагулы. Па адным пачалі ціснуць. Там у Падабеда працуюць цяпер некалькі нашых чалавек і будуць звальняцца, бо заробак паўтара мільёна».

Сакавіцкі страйк у Мсціслаўскім ДБУ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:48 0:00

Паводле суразмоўцы, у райвыканкаме нібыта дзейнічае негалоснае распараджэньне — актыўных удзельнікаў страйку ня браць на працу ў раёне. Гэтым чыноўнікі, паводле яго, пагражалі страйкоўцам, калі сустракаліся зь імі на прадпрыемстве.

«Людзі цяпер з арганізацыі ў арганізацыю ходзяць — ніхто нікога нікуды не бярэ. Што рабіць — ня ведаем. Ня хочацца і ў Расею ехаць. Здавалася б, тут працаваў, а яны во шчымяць тут. Будзем выяжджаць на Расею. Трэба ж плаціць за кватэру ды жыць».

У райвыканкаме факт незадаволенасьці працоўных прызнаюць, але адмаўляюць тое, што існуе распараджэньне ня браць на працу актыўных пратэстоўцаў. Што да аб’яднаньня дзьвюх арганізацыяў, то яно зацьверджанае старшынём аблвыканкаму Пятром Руднікам. Кіраваць аб’яднанай арганізацыяй паставілі Фёдара Падабеда, бо ў яго досьведу болей, — так заяўляюць у райвыканкаме.

Сам жа спадар Падабед заяўляе, што ягоныя работнікі не баставалі. На пытаньне, ці працаўнікі дарожна-будаўнічага ўчастку ня хочуць працаваць пад ягоным кіраўніцтвам, Фёдар Падабед адказаў:

«У той арганізацыі, якую аб’ядноўваюць з нашай, 12 мільярдаў стратаў. Цяпер гэтыя мільярды трэба плаціць нам. Таму я б з задавальненьнем пайшоў на пэнсію і не ламаў бы галавы».

Былы працаўнік дарожна-будаўнічага ўчастку спадар Раман мае свой погляд на пэрспэктыву працы ў аб’яднанай арганізацыі. Яго яна ня надта радуе, таму ён і звольніўся:
Каму цікава з большага кавалка на меншы ісьці. Вось гэта людзей і ўзлавала

«У нас заробак быў невялікі, аднак большы, чым у той арганізацыі. У мяне, дапусьцім, заробак сярэдні быў 2,5 мільёна. А ў той арганізацыі кіроўцы, як я, не атрымлівалі і двух мільёнаў. Зразумела, каму цікава з большага кавалка на меншы ісьці. Вось гэта людзей і ўзлавала».

У адміністрацыі дарожна-будаўнічага ўчастку прызналі, што працоўныя аб’яднаньнем былі незадаволеныя. Пра прычыны супрацоўнік адміністрацыі выказаўся так:

«Рашэньне ж прынятае ня намі, таму некаму гэта падабаецца, а некаму не. Мы іх нікога не выганялі. Кожнаму прапанавалі працу. Нехта сказаў, што не пайду, буду звальняцца. Ну, калі ласка, звальняйся — гэта ж тваё права».

Пратэставалі мсьціслаўскія будаўнікі эмацыйна. Ня стрымлівалі сябе ў выказваньнях. Пра гэта сьведчыць відэа, дасланае журналісту. Цяпер жарсьці ў райцэнтры аціхлі. А ці ёсьць тыя, хто не знайшоў сабе працы, пытаюся ў спадара Рамана:

«Чалавек дзесяць-пятнаццаць засталіся бяз працы. Нехта ўжо зьехаў у Расею на заробкі. Зразумела, што нам у раёне ўладкавацца будзе дужа і дужа цяжка пасьля гэтага ўсяго. Тыя, хто цяпер не працуе, чакаюць, пакуль у Расеі пойдзе будоўля. Усе настроеныя ехаць туды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG