Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Stand by/За Беларусь». Беларусь, якую раней ня бачылі


21 сакавіка ў Менску прэзэнтуюць фатакнігу «Stand by/За Беларусь» калектыўнага аўтарства «SPUTNIK PHOTOS».

«Калекцыя фотагісторыяў стварылася для таго, каб распавесьці пра рэчы, пра якія раней ніхто не казаў. Каб паказаць Беларусь такой, якой яе не пабачыш на афіцыйным тэлебачаньні. Увогуле такія праекты трэба рабіць, каб суб’ектыўна і вельмі проста выказвацца на вельмі сур’ёзныя тэмы, якія нас непакояць, якія нас трымаюць за жабры», — заявіў аўтар ідэі «Stand by/За Беларусь» фатограф Андрэй Лянкевіч.

Выданьне аб’ядноўвае некалькі фотапраектаў зь Беларусі і Польшчы.

Андрэй Лянкевіч стварыў для праекту калекцыю дыптыхаў «Да пабачэньня, Радзіма», на якіх паказаў узятыя з GoogleMaps вуліцы Менску разам з фатаздымкамі герояў вайны, у гонар якіх яны названыя.

Рафал Мілах — аўтар праекту «Пераможцы», у якім адлюстраваныя пераможцы беларускіх конкурсаў — ад агульнанацыянальных да лякальных.

Адам Панчук рабіў фотадасьледаваньне таго, як беларусы апранаюцца і як сочаць за модай.

Агнешка Райс здымала жанчын, якія ваявалі ў Другую ўсясьветную вайну.

Праект Яна Брыкчынскага мае назву «Некрануты лес». У ім фатограф паказаў, як беларусы прыстасоўваюць да жылых памяшканьняў рэчы, прынесеныя зь лесу.

Юстына Мельнікевіч здымала беларусак, якія выходзяць замуж за замежнікаў.

А Манца Юван — прадстаўнікоў беларускай супольнасьці ў Нью-Ёрку.

Прэзэнтацыя пачнецца 21 сакавіка а 19 гадзіне ў фатастудыі «Зьнята» (Кастрычніцая вуліца, 19м).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG