Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ешце як гішпанцы — будзе менш інфарктаў і інсультаў


Можна прадухіліць каля 30 працэнтаў інфарктаў, інсультаў і сьмерцяў ад сардэчных хваробаў у людзей з высокай рызыкай, калі яны пяройдуць на міжземнаморскую дыету, багатую аліўкавым алеем, арэхамі, фасоляй, рыбай, садавіной і гароднінай, і нават будуць піць зь ежай віно. Такія вынікі, апублікаваныя ў панядзелак на сайце навуковага часопісу The New England Journal of Medicine, паказала маштабнае дасьледаваньне, якое цягнулася амаль пяць гадоў.

Дагэтуль высновы аб тым, што міжземнаморская дыета зьмяншае рызыку сардэчных хваробаў, грунтаваліся толькі на статыстыцы зь міжземнаморскіх краінаў. Лічбы паказвалі, што ў гэтых краінах узровень сардэчных хваробаў ніжэйшы, чым агулам у сьвеце. Аднак сувязь была невідавочная, бо на гэта маглі ўплываць іншыя фактары.

У цяперашнім дасьледаваньні удзельнічалі 7.447 жыхароў Гішпаніі, якія мелі лішнюю вагу, курылі альбо мелі дыябэт ці іншыя фактары рызыкі для сардэчных хваробаў. Мэтадам выпадковай выбаркі навукоўцы прызначылі гэтым людзям альбо міжземнаморскую дыету, альбо дыету зь нізкім спажываньнем тлушчу.


Людзі на міжземнаморскай дыеце меліся штодня есьці прынамсі тры порцыі садавіны і дзьве порцыі гародніны, як найменей па тры разы на тыдзень есьці рыбу і бабовыя ды есьці больш белага мяса замест чырвонага. Тым, хто і да таго рэгулярна ўжываў алькаголь, рэкамэндавалі выпіваць зь ежай прынамсі сем шклянак віна на тыдзень.

Назіраньні паказалі, што людзям было лягчэй прытрымлівацца міжземнаморскай дыеты, а людзі з другой групы ў рэальнасьці толькі нязначна зьменшылі спажываньне тлушчу. У выніку атрымалася, што міжземнаморскую дыету фактычна параўноўвалі са звычайнай сучаснай дыетай, у якой рэгулярная ўжываецца чырвонае мяса, газаваныя напоі і купленая выпечка.

Дасьледчыкі кажуць, што самі яны не чакалі настолькі моцнага эфэкту ад міжземнаморскай дыеты. Кіраўнік дасьледаваньня, прафэсар мэдыцыны Рамон Эструх з Унівэрсытэту Барсэлёны, кажа, што ў выніку ён сам і ягоныя калегі-дасьледчыкі перайшлі на гэтую дыету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG