Лінкі ўнівэрсальнага доступу

120-годзьдзе Максіма Гарэцкага: дом зьнесьлі, збор твораў ня выдалі


Максім Гарэцкі
Максім Гарэцкі

18 лютага ў Нацыянальнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа адчынілася выстава рукапісаў, лістоў, рэдкіх выданьняў з публікацыямі, дакумэнтаў і іншых рэчаў, зьвязаных з жыцьцём і творчасьцю Максіма Гарэцкага.

Тры дні перад гэтым у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры прайшлі Гарэцкія чытаньні. Гэтым сканчаецца пералік імпрэзаў да 120-годзьдзя клясыка нацыянальнай літаратуры.

«Дзьве душы» — гэта сутнасьць беларускай мэнтальнасьці. І ўжо за адзін гэты твор аўтар варты найвышэйшай адзнакі і пашаны, — кажа пра Максіма Гарэцкага літаратуразнаўца, выкладчык Коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
«Дзьве душы» Гарэцкага — гэта, па сутнасьці, першы глыбока інтэлектуальны твор у беларускай літаратуры, які апярэдзіў у значнай ступені іншыя літаратуры. І таму менавіта ўгадваньне, адчуваньне, якое толькі геніяльным аўтарам даецца, архетыпу нацыянальнага, яно ёсьць найважнейшым у Гарэцкага, які, акрамя таго, быў выдатным эпікам і напісаў шмат іншых выдатных твораў«.


Аповесьць «Дзьве душы» ўпершыню надрукавалі ў 1919 годзе. Потым былі дакумэнтальна-мастацкія запіскі «На імпэрыялістычнай вайне», аповесьць «Ціхія песьні» («Ціхая плынь»), зборнік апавяданьняў «Досьвіткі», раманы «Віленскія камунары», «Камароўская кроніка» (твор застаўся незавершаным), першая «Гісторыя беларускай літаратуры». Ягоная творчая спадчына цяпер зьмяшчаецца ў шасьці тамах, але дасьледчыкі перакананыя, што насьпеў час поўнага збору твораў Гарэцкага, які можа быць сама меней дзесяцітомным. Калі ён выйдзе, невядома, хоць сустаршыня грамадзкай арганізацыі «Фонд Гарэцкіх» літаратуразнаўца Міхась Мушынскі ўжо даўно і актыўна выступае з гэтай ідэяй. Але апроч ідэі патрэбна вялікая падрыхтоўчая праца, якую няма каму рабіць, — кажа спадар Мушынскі.

«Нібыта ўсе і за, а як пачынаецца рэалізацыя — дзе людзі дзяваліся? Няма нікога, толькі чакаюць, пакуль выйдзе нешта, каб можна было, як казаў Анатоль Сідарэвіч, — от урэжу! Вот гэта вельмі крыўдна, што беларусы такія, што жадаюць, каб у суседа карова здохла. Вот ён чакае, пакуль ты выдасі. Ну ты ж павінен дапамагаць! А нейкай маленечкай купкай людзей, якая ў нас ёсьць, займаецца гэтым прафэсійна, — немагчыма».

Дзяржаўныя выдавецтвы і дасьледчыцкія ўстановы такога выданьня не плянавалі. Чыноўнікі адзначылі юбілей па-свойму. У Горках перад Дажынкамі быў зьнесены дом, у якім у 1926–28 гадах жыў Максім Гарэцкі, калі працаваў загадчыкам катэдры беларускай мовы і літаратуры сельскагаспадарчай акадэміі. І ў якім меркавалі былі зрабіць Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага — такое рашэньне прынялі яшчэ ў 1993 годзе.

Знос дому Гарэцкага, верасень 2012
Знос дому Гарэцкага, верасень 2012


Гаворыць пляменьнік пісьменьніка акадэмік Радзім Гарэцкі:

Радзім Гарэцкі
Радзім Гарэцкі
«Не зрабілі тады гэты музэй. Таму што не было куды перасяліць людзей, якія там жылі, не знайшлі ім кватэраў. І за дваццаць гадоў так і не маглі знайсьці. А тут падышлі „Дажынкі“ ў мінулым годзе — ну адразу ж знайшлі куды перасяліць, і зламалі гэты дом. Цяпер ад яго і духу не засталося. Нічога няма там».



________________________________________

Максім Іванавіч Гарэцкі (18 лютага 1893, в. Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня — 10 лютага 1938, Вязьма) — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст; прафэсар. Брат Гаўрылы Гарэцкага.

Карыстаўся літаратурнымі псэўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

У 1913 годзе скончыў каморніцка-агранамічнае вучылішча ў Горы-Горках, у 1916-м — Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе.

У час Першай усясьветнай вайны быў прызваны ў расейскую армію. Цяжка паранены, доўга лячыўся ў ваенных шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. У чыне прапаршчыка служыў у Іркуцку і Гжацку, у канцы 1916-га — на фронце ў Пінскіх балотах. Цяжка захварэў, быў адасланы ў тыл на лячэньне, потым зусім звольнены з войска. Пераехаў у Смаленск, паступіў у Археалягічны інстытут. Кастрычніцкія падзеі сустрэў тамсама. Неўзабаве пасьля таго — на савецкай службе, у Смаленскім савеце. Працуе камэндантам жыльлёвага аддзелу ў Смаленску. Паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газэтах «Известия Смоленского Совета», «Западная коммуна», «Звязда».

Разам з рэдакцыяй «Звязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919 году). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў. Супрацоўнічаў у газэтах «Беларускія ведамасьці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газэт «Наша думка», «Беларускія ведамасьці».

У студзені 1922 году, перад выбарамі ў Віленскі сойм, быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца, зьняволены ў Лукіскай турме ў Вільні. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і жамойцкіх дзеячаў прымусова высланы ў Беларусь. У канцы кастрычніка 1923 году пераехаў зь сям’ёй зь Вільні ў Менск.

Выкладчык мовы і літаратуры (у тым ліку ў БДУ, Камуністычным унівэрсытэце БССР, Менскім вэтэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельгасакадэміі). Загадчык катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі. Правадзейны чалец Інбелкульту, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі, вучоны спэцыяліст Інстытута навуковай мовы Інбелкульту. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі, дакладчык па пытаньнях мастацкай літаратуры.

Разам зь іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку. Арыштаваны (19 ліпеня 1930 году) па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да Саюзу вызваленьня Беларусі, у красавіку — траўні 1931 году асуджаны на высылку на пяць гадоў у горад Вятку. У Вятцы працаваў чарцёжнікам, тэхнікам-каштарысьнікам мясцовага ФУП і землеўпарадчыкам. З 1 верасьня 1935 году — настаўнік расейскай мовы і літаратуры ў СШ г. п. Пясочня. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай. Паўторна арыштаваны (4 лістапада 1937 году), пазьней расстраляны паводле прысуду «тройкі» НКУС. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 году.

Першая публікацыя пра сапраўдныя факты расстрэлу 10 лютага 1938 году ў Вязьме зьявілася ў кастрычніку 1992 году ў газэце «Літаратура і мастацтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG