Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 44-й школе спадзяюцца на Бога і ўплывовых выпускнікоў


Дырэктар школы: «Зьнесьці школу пад паркінг — гэта катастрофа»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:33 0:00
Наўпроставы лінк
Згодна з Генэральным плянам аднаўленьня гістарычнай часткі Менску да 2017 году, зносу падлягае шэраг жылых дамоў і адміністрацыйных установаў, узьведзеных у паваенны час. Сярод іх і сярэдняя школа № 44 імя Якуба Коласа на праспэкце Пераможцаў. Як да такой пэрспэктывы ставіцца паўтысячны калектыў вучняў і выкладчыкаў?

Школай № 44 ахвяруюць дзеля «аднаўленьня гістарычнай пляніроўкі пад грамадзкі комплекс з жылымі пабудовамі». Паводле іншых зьвестак, на гэтым месцы зьбіраюцца пабудаваць паркінг для арандатараў высотнага бізнэс-цэнтру, які на месцы кавярні «Рэчанька» ўзводзіць лібанская кампанія «Рубіроз Інтэрнэшнл». Дырэктара школы Ларысу Сахадзэ гэтая замена абурае:

«Натуральна, школу зачыніць за адну сэкунду немагчыма. Гэта надзвычай складаны і доўгатэрміновы падрыхтоўчы працэс. Але калі казаць шчыра, то ў дадзеным кантэксьце да месца толькі адно азначэньне таго, што адбываецца: катастрофа. Калі зьнесьці школу і на яе месцы пабудаваць паркоўку, то проста няма слоў, каб выказаць сваё стаўленьне да гэтага. Зрэшты, у нас ёсьць шмат цудоўных выпускнікоў, якія заканчвалі нашу школу і цяпер займаюць значныя месцы ў беларускім соцыюме. Таму ўсё ж спадзяюся, што яны таксама дапамогуць нам адстаяць нашу школу».
Каля школы
Каля школы

Збудаваная ў сярэдзіне 1960-х стандартная цагляная школа ніяк ня цягне на помнік архітэктуры і мала ўпісваецца ў пляны аднаўленьня вуліцы Нова-Мясьніцкай у стылі а-ля Траецкае прадмесьце. Аднак, працягвае Ларыса Сахадзэ, тым больш сюды не пасуе аўтамабільная паркоўка:

«Мне падаецца, што трэба вельмі добра падумаць, перш чым пазбавіцца такой цудоўнай школы. Таму што, апроч матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія ёсьць у нашай школе, самая галоўная каштоўнасьць — гэта дзеці, якіх трэба будзе разьмеркаваць па іншых навучальных установах. Хацела б падкрэсьліць: у нас сёньня разам зь вячэрнікамі навучаецца 510 дзяцей (на вечаровым — 110). Дык вось з чатырох сотняў дзяцей толькі 25% не пражываюць на тэрыторыі Цэнтральнага раёну. А больш за 70% школьнікаў — гэта нашы родныя дзеткі, якія жывуць менавіта ў нашым раёне».
Школьны падворак
Школьны падворак

У ліку выпускнікоў школы № 44 нямала вядомых людзей. Сярод іх — прафэсійны банкір, колішні віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Тут вучыліся дзеці народнага артыста СССР Расьціслава Янкоўскага і франтавіка, дэкана журфаку БДУ Рыгора Булацкага. Суседзтва з Палацам спорту і Домам фізкультуры спрыяла таму, што сумяшчалі вучобу і трэніроўкі будучыя хакеісты Алег Хмыль, Сяргей Шыткоўскі, Вадзім Бекбулатаў; баскетбаліст Андрэй Ольбрэхт; трохразовая алімпійская чэмпіёнка, гімнастка Сьвятлана Багінская; шматразовая чэмпіёнка сьвету, водналыжніца Юлія Грамыка ды іншыя. Адсюль выйшла арт-дырэктар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава. Выпускніца вечаровай школы — сьпявачка Б’янка (Таня Ліпніцкая).

А калісьці ў школу № 44 часта наведваліся клясыкі беларускай літаратуры. Згадвае старэйшая настаўніца Людміла Бысік, якая вось ужо больш за 35 гадоў кіруе школьным музэем імя Якуба Коласа — адзіным такога кшталту ў сталіцы:

«У 1956 годзе, калі памёр Якуб Колас, па добрай традыцыі сталі яго імя прысвойваць установам, школам, прадпрыемствам. Выбралі і нашу школу, хоць асабіста Колас да яе ніякіх адносінаў ня меў. Увогуле наша школа якраз і бярэ пачатак ад 1956-га. Тады яна месьцілася на вуліцы Камуністычнай, дзе сёньня дом Масквы. А ў 1964-м, калі школа была збудаваная на цяперашнім месцы, настаўнікі і вучні вырашылі адкрыць музэй, паколькі школа носіць імя Якуба Коласа. Пачалі зьбіраць матэрыялы, ладзілі экспэдыцыі. Вялікую дапамогу нам аказаў музэй Якуба Коласа пры Акадэміі навук… Гэта цяпер, шчыра скажу, пісьменьнікі ня надта каб любілі кудысьці выходзіць, а ў былыя часы да нас прыходзілі самыя знакамітыя асобы: Янка Брыль у нас быў, Ніл Гілевіч быў, быў Пятрусь Броўка».
Ларыса Сахадзэ ў школьным музэі Якуба Коласа
Ларыса Сахадзэ ў школьным музэі Якуба Коласа

Людміла Бысік дадае, што некалькі пакаленьняў вучняў і настаўнікаў сабралі паўнавартасную экспазыцыю, якая прыцягвае нават цяперашніх «інтэрнэтных» дзяцей:

«Творы Якуба Коласа абавязковыя ў школьнай праграме і вывучаюцца абсалютна ў кожным клясе. Таму, канечне, Коласа ведаюць. Прыходзяць нават нашы самыя малыя — другія-трэція клясы — я запытваю: дзеці, хто ведае вершы Якуба Коласа? Дык ведаюць, пачынаюць расказваць! Больш за тое, нехта кажа, што быў з бацькамі на Высокім беразе ў Мікалаеўшчыне. Хтосьці кажа, што езьдзіў у музэй. У ранейшыя часы, калі ў нас былі шэфы больш багатыя, нам два, нават тры разы на год давалі аўтобус, і мы з вучнямі некалькіх клясаў маглі наведаць Мікалаеўшчыну. Цяпер ужо ня тое. Але дзеці ўсё роўна цікавяцца. І ёсьць такія дзеці, якія мову нашу беларускую ведаюць і любяць, і чытаюць хораша».
Бюст Якуба Коласа ў музэі
Бюст Якуба Коласа ў музэі

Дырэктар школы № 44 Ларыса Сахадзэ кажа, што цяпер калектыў спадзяецца на сябе і на Бога:

«У 2012 годзе ў рамках пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой наша школа № 44 пасьпяхова пачала супрацоўнічаць са Сьвята-Петрапаўлаўскім саборам, побач зь якім яна і знаходзіцца. Цяпер гэтае супрацоўніцтва набывае асаблівы падтэкст. Кожны з нас пра сябе моліцца, каб школу захавалі, каб мы ня зьніклі. І нашы духоўныя настаўнікі, якія працуюць у праваслаўнай клясе, нам абяцаюць, што ўсё будзе добра. У прыватнасьці, яны не сумняюцца, што Бог нам у гэтым дапаможа. Спадзяемся на гэта і мы».
У некалькіх кроках ад школы на месцы інтэрнату БДУ будуюць офісны гмах
У некалькіх кроках ад школы на месцы інтэрнату БДУ будуюць офісны гмах

У часе грамадзкага абмеркаваньня Генэральнага пляну рэканструкцыі гістарычнай часткі Менску, якое двойчы ладзілася сёлета ў студзені, прадстаўнікі праектнай арганізацыі «Мінскграда» пацьвердзілі: да 2017 году сярэдняя школа № 44 будзе зьнесена. Паказальна, што такі ж лёс адпачатку быў прадвызначаны і для шэрагу жылых дамоў на прылеглай тэрыторыі, аднак жыхарам усё ж удалося адстаяць сваю ўласнасьць. Праўда, толькі да другога этапу перабудовы, пачатак якога прызначаны на 2018 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG