Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дагестанскі раб»: я схуднеў на 17 кіляграмаў


Пяцёра вызваленых «дагестанскіх рабоў» вярнуліся ў Беларусь. Двое зь іх жывуць ля Віцебску, астатнія ў Нарачы, Рэчыцы і Ганцавічах.

Уладзімер Арэшчанка з вёскі Руба пад Віцебскам распавёў карэспандэнту Свабоды, што прыехаў дахаты ўвечары 29 студзеня. Ягоны брат па дарозе трапіў у лякарню ў Воршы.

Уладзімер кажа, што ў беларускай амбасадзе ў Маскве далі даведку, зь якой яны маглі прыехаць дахаты бясплатна на электрычцы. Але гэта б заняло яшчэ два-тры дні, таму яны скінуліся і набылі квіткі з Масквы за свае грошы. 11 жніўня мінулага году яны трапілі ў Дагестан на цагельны завод. За гэты час ім выплацілі мізэрныя заробкі:

«Нам па 15 тысяч далі з братам. Мы ж купілі зімовае адзеньне і за свой кошт ехалі. У мяне засталося 200 тысяч нашымі грашыма».

Уладзімер распавёў, як трапіў у рабства:

«Мы прыехалі ў Маскву на заробкі. Нас там „кінулі“. Калі я ішоў на кантору, каб уладкавацца на працу ў Маскве, нас сустрэлі агітатары: вось праца, будоўля, патрэбны спэцыялісты, зарплата. Мы пагадзіліся, нас у аўтобус пасадзілі. А потым мы апынуліся ў Махачкале, у Дагестане.

На працу выганялі голымі, у сьнег і мароз. Я быў у шортах, бяз майкі, у шлёпках. Я сказаў, што ў мяне няма абутку, у чым я пайду? А мяне выкінулі на працу з памяшканьня. Працавалі па 12 гадзін, без выходных. Праца была нялёгкая, мы стаялі на канвэеры, здымалі цэглу на стол. Як кармілі? Дзень на дзень не прыходзіўся. Бывала, што ў супе плавае адна бульбіна. Я схуднеў на 17 кіляграмаў».

Карэспандэнт: «А вас не выпускалі за тэрыторыю заводу?»

Уладзімер: «Можна было. Казалі — сыходзьце, калі ласка, але бяз грошай. А бяз грошай... там такая краіна, што можна папасьці яшчэ горш. У горы, да чачэнцаў-вахабітаў. У нас чалавек пайшоў, трапіўся, недзе ў яме сядзіць у гарах. Там малалеткі займаюцца продажам людзей у горы. Там такая краіна, там чалавек каштуе грошай. А тэлефона не было».

Выратавацца ўдалося, калі брата «здавалі ў арэнду» на іншы завод. А туды якраз прыехалі сябры расейскай моладзевай групы «Альтэрнатыва», якія і дапамаглі вызваліцца з рабства.

Карэспандэнт: «Казалі, вы там былі нястрыжаныя, няголеныя...»

«А як там пастрыжэсься? Мыліся пад вадаспадам, лазьні не было. Завялі там гэтых вошай. Я там адзеньне скінуў, новае купіў. Жыльлё было такое, што... Жылі там на заводзе, батарэй не было. У сьнежні там было да мінус пяці марозу. Там такія вятры, ажно будынкі калоцяцца».

Уладзімер кажа, што гэтая гісторыя з рабствам яго ня спыніць. Ён зноў зьбіраецца ехаць на заробкі ў Расею. Але пастараецца ўладкавацца афіцыйна. Бо ў Беларусі пэрспэктываў з працай для сябе ня бачыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG