Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бураціны замест стопмэнаў


Праз тыдзень пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка назваў «поўнай бязглузьдзіцай» арганізацыю дзяжурстваў настаўнікаў і вучняў старэйшых клясаў ля школаў і на пешаходных пераходах, так званых «стопмэнаў» са згаданых аб’ектаў адклікалі. І гэта нягледзячы на вялізныя прапагандысцкія высілкі афіцыйных мэдыяў, Дзяржаўтаінспэкцыі, Міністэрства адукацыі, якія ў адзін голас называлі такую практыку надзвычай прагрэсіўнай ды эфэктыўнай.

«Арганізацыя дзяжурстваў стопмэнаў непрадуктыўная, гэта паказуха, — заявіў Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх і замежных журналістаў 15 студзеня. — Стопмэны — гэта поўная бязглузьдзіца, я бачыў, як па тэлебачаньні ўздымалі гэтую тэму. Бяда здарылася, прэзыдэнт заўважыў, кулаком па стале грымнуў — ну дык на табе. Але гэта абсалютна нічога не дае, паказуха — ні больш. І ня трэба гэтым займацца».

Некалькі дзён пасьля гэтага на подступах да школаў і блізу пераходаў стопмэны па інэрцыі яшчэ зьяўляліся. Аднак ад пачатку тыдня іх сьляды зьніклі канчаткова. Замест экіпіраваных настаўнікаў пачалі тыражавацца інфармацыйныя ды папераджальныя знакі, якіх дагэтуль у зводзе правілаў дарожнага руху не назіралася. Прыкладам, у Фрунзенскім раёне на слупах каля школаў усталяваныя шыльды з надпісам «школа». Ролю вучня, на якога кіроўцам трэба зьвярнуць увагу, выконвае казачны герой Бураціна.

У часе прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка нагадаў, што лепш бы з такім імпэтам, зь якім пашыраліся шэрагі стопмэнаў, адміністрацыі вырашалі праблему агароджваньня школьных установаў: «Мне абяцалі, што ў сьнежні гэта зробяць, а калі яшчэ не зрабілі, то зробяць за зіму, каб дзеці былі цалкам ізаляваныя».

Пакуль жа сродкаў хапае на тое, каб усталяваць даволі прымітыўныя шлягбаўмы, перагарадзіўшы ўезд прыватнага транспарту на школьную тэрыторыю. Ня маючы магчымасьці збочыць з цэнтральнай дарогі, цяпер бацькі, якія падвозяць дзяцей да школы, высаджваюць іх наўпрост на праезнай частцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG