Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў інфармацыйнай прасторы Беларусі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналісты Эдуард Мельнікаў і Леанід Міндлін.

(Валер Карбалевіч: ) “Шмат гадоў інфармацыйная прастора Беларусі, найперш, што тычыцца радыёэлектронных СМІ, была нязьменнаю. Цяпер гэтыя зьмены адбываюцца, і даволі інтэнсіўна. Галоўная іх тэндэнцыя – выцісканьне расейскіх радыёэлектронных СМІ. Замест тэлеканалу ОРТ нам прапануецца АНТ. Тэлеканал “Культура” замянілі на “Лад”. З наступнага году тэлеканал “Россия” будзе ісьці ў варыянце “Сталічнага тэлебачаньня”. Таксама закрытыя некаторыя расейскія радыёстанцыі.

У чым сэнс выцісканьня расейскіх тэлеканалаў і радыёстанцый зь беларускай інфармацыйнай прасторы? Дзеля чаго гэта робіцца?"

(Эдуард Мельнікаў: ) "Улады вынішчаюць крыніцы альтэрнатыўнай, незалежнай ад іх інфармацыі. Але, здаецца, тыя людзі, якія прымалі рашэньне аб перакрыцьці гэтых каналаў, не пралічылі ўсе наступствы сваіх рашэньняў. Таму што гэтыя каналы давалі якасныя, інфарматыўныя перадачы. І калі яны зьніклі, то людзі пачалі пісаць скаргі.

Акрамя таго, гэтыя дзеяньні ўладаў мелі такія наступствы. Па-першае, людзі кінуліся падключацца да кабельных сыстэмаў тэлебачаньня. Адбыўся вельмі імклівы рост кабельнага тэлебачаньня.

Па-другое, вялікую выгаду атрымалі фірмы, якія прадаюць і устанаўліваюць талеркі спадарожнікавага тэлебачаньня. Сёньня ў Беларусі каля 300 тысячаў уладальнікаў спадарожнікавых талерак.

Ствараецца новы інфармацыйны ландшафт без альтэрнатыўнай інфармацыі. Неяк па БТ адзін з камэнтатараў, разказваючы пра разьвіцьцё Інтэрнэту, інфармацыйных тэхналёгіяў, сказаў: але ўвесь гэты беларускі Інтэрнэт – апазыцыйны. Як толькі інфармацыя не супадае з афіцыйнай, дык адразу лічыцца апазыцыйнай. У дзяржавы такія шчыльныя інфармацыйныя стандарты, што ўся інфармацыя, якая ня ўпісваецца ў гэтае пракрустава ложа, аб'яўляецца апазыцыйнай".

(Леанід Міндлін: ) "Калі вельмі коратка, то галоўны сэнс такой палітыкі ўладаў – палітычны. Гэты працэс пачаўся даўно. Яшчэ ў 1997 годзе быў дэпартаваны карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў. Потым быў арыштаваны Павал Шарамет. Спробы знайсьці агульную мову з кіраўніцтвам расейскіх тэлеканалаў не атрымаліся. Таму і цяпер ідзе татальная зачыстка інфармацыйнай прасторы.

Наколькі я ведаю, два тыдні назад адбылася сустрэча кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня з ідэалягічным кіраўніцтвам дзяржавы Праляскоўскім і Піткевіч. Перад тэлебачаньнем была пастаўленая мэта на наступны год: зрабіць тэлебачаньне больш агрэсіўным, каб забясьпечыць палітычную кампанію, якая заплянаваная. Таму і пайшоў такі наступ на расейскія каналы".

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, адна з галоўных мэтаў такой палітыкі – узяць пад кантроль інфармацыйную прастору краіны, нэўтралізаваць магчымасьць расейскіх радыёэлектронных СМІ ўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі.

Але калі вынесьці за дужкі пляны і намеры ўладаў, то трэба адзначыць, што выцісканьне расейскіх мэдыяў – гэта шлях, якім ішлі і ідуць суседнія новыя незалежныя дзяржавы: і Ўкраіна, і краіны Балтыі. І гэта тое, пра што марылі нашыя нацыянальныя дэмакраты. Таму што да гэтага часу нашае насельніцтва жыло ў расейскай інфармацыйнай прасторы: палітычнай, культурнай і інш. Дык як нам ацаніць гэтую зьяву з гледзішча беларускіх нацыянальных інтарэсаў: станоўча ці адмоўна?"

(Мельнікаў: ) "Ёсьць такі жарт: "Калі вы хочаце, каб рукі ня пахлі сялёдкай, то апусьціце іх у керасін". З гледзішча беларускіх нацыянальных інтарэсаў любое перкрыцьцё інфармацыі – расейскай альбо ангельскай – гэта дрэнна. У ХХІ стагодзьдзі зачыняць нейкія плыні інфармацыі – гэта проста дзікунства.

Беларуская нацыянальная ідэя ня будзе мацнейшай з-за таго, што мы перакрыем альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Для разьвіцьця нацыянальнай ідэі неабходна наладзіць эўрапейскага ўзроўню вяшчаньне на беларускай мове, прапаганду беларускіх каштоўнасьцяў. Вось цяпер стварылі новы тэлеканал "Лад". Яго начынілі, як нейкую каўбасу, архіўнымі здымкамі. Але выкарыстоўваецца гэта дрэнна, не актуалізуецца ў масавай сьвядомасьці. Людзі, якія стваралі гэты тэлеканал, зрабілі гэта фармальна.

Таму няправільна ставіць такую дылему: альбо расейскія, альбо беларускія каналы. Патрэбна і тое, і тое. Мы жывем ў адкрытым грамадзтве. Чаму, напрыклад, не зрабіць тэлеканал спадарожнікавага вяшчаньня на беларускай мове з дапамогай дыяспары і інш. Вось дзе прастора для разьвіцьця нацыянальнай ідэі. Інакш кажучы, трэба выходзіць у сусьветную інфармацыйную прастору зь якасным інфармацыйным прадуктам.

А што мы маем цяпер? Беларускія тэлефільмы практычна зьліквідаваныя. Літаратурна-драматычных праграмаў няма. Якасных музычных праграмаў няма. Тэлевізійны прадукт быццам бы ня ў нашай краіне робіцца. З беларускіх тэлепраграмаў немагчыма даведацца аб рэальных праблемах у краіне: ні ў эканоміцы, ні ў літаратуры і інш. Вось дзе прастора для разьвіцьця беларушчыны".

(Міндлін: ) "Давайце паглядзім, што адбываецца ў нашых суседзяў. Ва Ўкраіне – дзесяць агульнанацыянальных тэлеканалаў, плюс 4-5 рэгіянальных тэлеканалаў у кожнай вобласьці. У Латвіі вельмі разьвітае кабельнае тэлебачаньне на латыскай і расейскай мовах з высокімі рэйтынгамі.

На беларускім жа тэлебачаньні робяць прымітыўны праграмны прадукт. Адбываецца прымітывізацыя прафэсіі. І для якой часткі насельніцтва разьлічаныя гэтыя перадачы? Канал "Лад" – гэта нешта незразумелае. Ніякай якаснай замены каналу "Культура", які мае багаты творчы патэнцыял, не адбылося.

Таму перакрыцьцё расейскіх тэлеканалаў – гэта дрэнная зьява. Мы ня здолелі зрабіць альтэрнатыўны інфармацыйны праграмны прадукт. І перакрылі той прадукт, які быў лепшы паводле якасьці".

(Мельнікаў: ) "Аўтаркія любога кшталту – гэта дрэнна".

(Карбалевіч: ) "Паралельна з выцісканьнем расейскіх мэдыяў у гэтым годзе адбывалася выцісканьне беларускіх незалежных газэт. Гэта і прыпыненьне на тры месяцы выхаду “БДГ”, і прыпыненьне працы газэты “Местное время”, бясконцыя рэпрэсіі супраць рэгіянальнай незалежнай прэсы. Якія мэты ставяцца ўладамі? Ці ўвогуле крок за крокам ліквідаваць незалежныя СМІ? Ці проста хочуць трымаць незалежных журналістаў у стане пэрманэнтных рэпрэсіяў, каб баяліся і моцна не высоўваліся?"

(Мельнікаў: ) "Ставіцца і тая, і другая мэта. З 40 незалежных газэтаў грамадзка-палітычнага кірунку, журналісты якіх зьяўляюцца сябрамі БАЖу, засталося толькі каля 20. Ідзе эканамічны, адміністратыўны ціск, крымінальны перасьлед (успомнім прыклады з пакараньнем Івашкевічу, Маркевічу, Мажэйку).

Справа ў тым, што незалежная прэса працуе больш прафэсійна, апэратыўна, якасна. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, незалежную газэту, у адрозненьні ад дзяржаўнай, чытае 3-4 чалавекі. Калі намінальны наклад недзяржаўнай прэсы быў каля 300 тысяч асобнікаў, то фактычнай аўдыторыі было больш, чым мільён.

І гэта непакоіць улады. Таму незалежны друк вынішчаецца. А тыя, якія застаюцца, трымаюць у страху. Гэта бачна па старонках незалежных газэтаў. Зьявілася самацэнзура рэдактараў".

(Міндлін: ) "Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы. Гэта тычыцца ня толькі газэтаў, але і радыёэлектронных мэдыяў. Напрыклад, кабельнае тэлебачаньне становіцца ўсё больш падкантрольным уладам. Існуе страх уладаў перад маленькімі паводле накладу рэгіянальнымі газэтамі.

Наступны год будзе годам татальнага ціску на тыя астраўкі дэмакратыі, якія яшчэ засталіся – на незалежную прэсу. Будзе аб'яўленая іх блякада, найперш, эканамічная".

(Карбалевіч: ) "Сёньня беларускае грамадзтва знаходзіцца ў стане, так бы мовіць, “інфармацыйнай ямы”. Большасьць насельніцтва ня ведае аб значных грамадзкіх падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі. Напрыклад, паводле НІСЭПД, тры чвэрці людзей не ведаюць аб закрыцьці Беларускага ліцэю. Беларусы значна лепш інфармаваныя аб тым, што адбываецца ў Іраку, Грузіі ці Расеі, чым ва ўласнай краіне. І, мяркуючы па ўсім, улады хочуць замацаваць, закансэрваваць гэтую сытуацыю і ў наступным годзе. І, здаецца, няма ніякіх чыньнікаў, якія б перашкодзілі ўладам зьдзейсніць свае намеры? Ці згодныя вы з гэтым?"

(Мельнікаў: ) "Сапраўды, такая сытуацыя існуе. У 2001 годзе сацыёлягі зафіксавалі дзіўны факт: 40% насельніцтва ня ведала пра зьніклых палітыкаў. Людзі ня ведаюць пра сапраўдны стан эканомікі, лёсы вядомых усяму сьвету творчых асобаў і інш. А неінфармаваны чалавек – лёгка кіраваны. Але ўлады дасягаюць сваёй мэты".

(Міндлін: ) "Мне здаецца, у большасьці нашага грамадзтва няма і патрэбы ў незалежнай інфармацыі. Магчыма, так лягчэй жыць. Дзяржаўныя мэдыі ствараюць нейкую віртуальную краіну, зь віртуальнай эканомікай, дзе добра жыць. Дзяржаўная прапаганда працуе мэтадамі псыхалягічнай вайны.

Але атрымліваецца, што мы жывем і кіруем, ня ведаючы рэальнай інфармацыі аб рэальным становішчы. Таму мы ня можам прымаць правільныя і эфэктыўныя рашэньні ў эканамічнай, палітычнай, міжнароднай сфэрах".

(Карбалевіч: ) "Такім чынам, палітычны курс на самаізаляцыю знаходзіць сваё адлюстраваньне і ў зьменах у інфармацыйнай прасторы краіны. Як доўга можна захоўваць інфармацыйную ізаляцыю ва ўмовах аб’ектыўна абумоўленага руху да інфармацыйнага грамадзтва? Магчыма, наступны год дасьць частковы адказ на гэтае пытаньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG