Дуб, які будзе насіць імя Вацлава Ластоўскага, расьце на вуліцы імя Эўфрасіньні Полацкай, на ўзгорку непадалёк ад помніка апякунцы Беларусі. Мае ўзрост каля ста гадоў і, на думку аўтара ідэі паэта Алеся Аркуша, памятае час, калі ў Полацак адмыслова прыехаў экс-прэм’ер ураду БНР, акадэмік, дырэктар Беларускага музэю Вацлаў Ластоўскі.
(Аркуш: ) “Цалкам можна дапусьціць, што Ластоўскі гэты дуб бачыў, бо мы жа ведаем, ён уратаваў крыж Эўфрасіньні Полацкай. Ён прыехаў з этнаграфічнай экспэдыцыяй у Полацк і ўбачыў, што мясцовы фінаддзел ужо рэквізаваў крыж Эўфрасіньні Полацкай, і чыноўнікі ўжо пачалі выкалупваць зь яго каштоўныя камяні. Ён паведаміў тады пра гэта ў Менск і так уратавалі рэліквію. Гэта вядомы факт, значыцца, ён хадзіў па Полацку і гэты дуб бачыў, адназначна”.
8 лістапада ў дзень народзінаў славутага грамадзкага і палітычнага дзеяча сябры таварыства вольных літаратараў, якое ачольвае Алесь Аркуш, сябры мясцовае філіі Беларускае асацыяцыі журналістаў разам зь іншымі прадстаўнікамі полацкае інтэлігенцыі прыйдуць да безыменнага дагэтуль дуба, каб надаць яму імя выбітнае асобы беларускае гісторыі й культуры 20 стагодзьдзя.
Гаворыць Алесь Аркуш:
(Аркуш: ) “Вацлава Ластоўскага заўсёды называюць волатам. Адпаведнік волата ў нас — дуб, нават гэта ў традыцыі беларускай, бо ёсьць дуб Адама Міцкевіча. І гэта, я думаю, плённы шлях у стварэньні культурнага кантэксту Полацку. Мы хацелі зьвярнуцца да мясцовых уладаў з прапановаю, як можна пазначыць гэты дуб. Але вырашылі зрабіць гэта пасьля… Мы на ім павяжам стужкі бел-чырвона-белыя, зробім тэлесюжэт для мясцовага каналу, мы напішам пра гэта ў газэтах”.
Алесь Аркуш спадзяецца, што ўлады не паставяцца варожа да акцыі інтэлігенцыі і дуб Ластоўскага з часам стане пашанотным дрэвам ня толькі для купкі энтузіястаў, а ўвойдзе ў турыстычныя даведнікі. А яшчэ Алесь Аркуш хоча заснаваць у Полацку новую традыцыю для маладых, якія бяруць шлюб.
(Аркуш: ) “Цяпер у нас кветкі маладыя ўскладаюць да помніка Эўфрасіньні Полацкае, ад якога да гэтага дуба зусім недалёка. Таму маладыя людзі ў дзень шлюбу могуць хадзіць з кветкамі яшчэ і да гэтага дуба, бо дуб — гэта і сымбаль здароўя, і сымбаль трываласьці і каханьня”.
І ў гэтых простых жыцьцёвых марах маладыя ля дуба Ластоўскага будуць, — кажа Алесь Аркуш, — неўпрыкмет далучацца да мараў прэм’ер-міністра БНР пра вольную і незалежную Беларусь.