Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАВЫ МОЛАДЗІ НА СТВАРЭНЬНЕ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

П.Севярынец згадвае сваю першую палітычную акцыю:

(Севярынец: ) “Першай маёй асабістай палітычнай акцыяй быў выхад зь піянэраў. Дарэчы, я быў старшынём піянэрскай дружыны школы. Калі я зразумеў, што абсалютнай большасьці моладзі гэта не патрэбна, я зьняў чырвоны гальштук і на вачах іншых выкінуў яго ў сьметнік”.

Лідэр арганізацыі Малады Фронт Павал Севярынец разьвітаўся зь піянэрскай дружынай у 1991 годзе. Гэта быў час падзеньня былых аўтарытэтаў, час зараджэньня грамадзкіх рухаў і партыяў, калі рэальна закончылася манаполія камуністычнай партыі на ўладу і яе панаваньне ў галовах грамадзянаў адзінай краіны. Лягічна, што пасьля гэтага развалілася і тая краіна — СССР, якую, як цэмэнтам бэтон, замацоўвала камуністычная ідэалёгія. Мінула 12 гадоў, і вось днямі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сьвяткаваньні 85-годзьдзя камсамолу заявіў, што гэта была ўзорная для моладзі арганізацыя і што яе пераемніка — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — дзяржава мусіць усяляк падтрымліваць.

Гэтак было пацьверджана, што беларускі варыянт камсамолу, нават адмовіўшыся ад камуністычнай ідэалёгіі, застаўся яго адданым нашчадкам. Прыкладам, засталіся старыя мэтады, з дапамогай якіх вэрбуюць новых сяброў арганізацы і стрымліваюць актыўнасьць канкурэнтаў. Пра тыповы прыклад такой дзейнасьці распавядзе наша віцебская карэспандэнтка Браніслава Станкевіч:

(Станкевіч: ) “22-гадовы Віталь Броўка, скончыўшы юрыдычны факультэт Полацкага ўнівэрсытэту, вярнуўся працаваць ў родны горад ды стварыў у Сяньне “Суполку маладых творцаў”. Аднак працаваць з тутэйшай моладзьдзю аказалася складана: дырэктарка СШ №1 Ала Ягораўна Шайко назвала суполку апазыцыйнай, заявіўшы, што нікога, апроч сяброў БРСМ, да вучняў свае школы не дапусьціць.

(Броўка: ) “Я склаў плян дзейнасьці “Суполкі маладых творцаў” у горадзе Сянно ды Сеньненскім раёне. З гэтым плянам я й зьвярнуўся да адміністрацыі школы, каб знайсьці нейкія пункты супрацоўніцтва, магчыма, працаваць разам. У адказ мне забаранілі дачыненьні з вучнямі, наведваць школьныя імпрэзы. Я пачуў: “Я вам забараняю весьці ў школе дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў!” І гэта — мая родная школа! Калісьці я быў гонарам школы — удзельнікам ды пераможцам розных алімпіядаў, а цяпер вось такія рэчы адбываюцца”.

Увогуле ў абедзьвюх сеньненскіх школах да БРСМ ставяцца з асаблівай увагаю. Так, у СШ №2 усім вучням старэйшых клясаў было загадана напісаць заявы ў БРСМ, прычым настаўнікі проста пагражалі дзецям, кажучы: “Пакуль заяваў не напішаце, дадому ня пойдзеце”. Замест тлумачэньня вартасьцяў гэтае арганізацыі або развагаў зь дзецьмі пра ейныя мэты ды задачы настаўнікі 2-й сеньненскай сярэдняй школы кажуць вучням перадусім пра тое, што сяброў арганізацыі чакаюць зьніжкі на квіткі ў дыскатэкі, а несяброў — дрэнныя характарыстыкі па заканчэньні школы.

Паводле Віталя Броўкі, у ягонай роднай СШ №1 настаўнікі агітуюць уступаць у БРСМ, як кажуць, ад супрацьлеглага:

(Броўка: ) “Праз два дні пасьля размовы са мной пэдагог-арганізатар школы проста на ўроку пагражала пэўнымі пакараньнямі сябрам “Суполкі маладых творцаў” — найбольш актыўным вучням. Казала: “Вы не туды лезеце, гэтым займацца няварта, і ўвогуле вы фашысты!”

Дзейнасьць “Суполкі маладых творцаў”, паводле В.Броўкі, скіраваная на выключна мірныя мэты: добраўпарадкаваньне роднага Сянна, вечарыны ў Доме культуры, спартовыя спаборніцтвы.

(Броўка: ) “Я хацеў стварыць суполку з такіх людзей, якія імкнуліся б вырашыць нашыя тутэйшыя праблемы, але творча, толькі на ўласным імпэце — і гэтым жыць!”

Нічога падобнага тамтэйшая раённая суполка БРСМ пакуль што прапанаваць ня можа. Кіраўнік управы ў справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Валеры Кунашка ўвогуле лічыць наяўныя рэгіянальныя структуры вельмі слабымі. У асноўным у райцэнтрах ёсьць хіба філіі агульнабеларускіх структураў: БРСМ, гісторыка-патрыятычных клюбаў, піянэрскай арганізацыі. На Віцебшчыне зарэгістраваная 21 такая філія, і гэтая лічба апошнія гады не мяняецца: дзяржава “лімітуе” стварэньне новых арганізацыяў, асабліва калі яны не трапляюць у плынь дзяржаўнае палітыкі або ідэалёгіі. Таму і вялікай папулярнасьці ў падлеткаў яны ня маюць. На пытаньне пра колькасьць недзяржаўных утварэньняў, спадар Кунашка адказаў, што зь нелегітымнымі ўтварэньнямі яны не працуюць”.

* * *
Зразумець, чаму чыноўнікі мясцовых адміністрацыяў апякуюцца адной моладзевай арганізацыяй, няцяжка. Яны выконваюць пэўны загад свайго непасрэднага кіраўніцтва. Але што прымушае быць пакорнымі дырэктараў школаў, чаму настаўнікі, клясныя кіраўнікі ня могуць ціха сабатаваць гэтыя незаконныя па сутнасьці загады? Вось што лічыць на гэты конт лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Цяпер Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі выконвае своесаблівую ролю малой адміністрацыі. Ён лічыцца чырвонай зьменай сёньняшняй бюракратыі на месцах. Менавіта таму дырэктары пабойваюцца іх, многія ціха іх ня любяць. Але пакуль што яны сядзяць ва ўсіх гэтых мясцовых камітэтах, школьных назіральных радах, займаюць іншыя пасады. Гэта пераўтварае іх у дробную моладзевую намэнклятуру”.

Праз адміністрацыйны ціск, дзяржаўныя льготы ці простыя перашкоды іншым моладзевым арганізацыям колькасьць сяброў БРСМ даведзеная да 130 тысяч. Гэта афіцыйныя зьвесткі. Але Аляксандра Лукашэнку і гэты ўзровень не задаволіў, і днямі ён паставіў задачу шматразова павялічыць арганізацыю. На думку Паўла Севярынца, гэта магчыма — але што далей? — пытаецца лідэр Маладога Фронту.

Большасьць моладзі Беларусі арыентаваная на дэмакратычныя, рынкавыя каштоўнасьці, яна бачыць сваю будучыню ў сям’і эўрапейскіх народаў і не задаволеная палітыкай цяперашніх уладаў краіны, — лічыць Павал Севярынец і спасылаецца на зьвесткі галасаваньня падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у тых акругах, дзе жывуць пераважна студэнты. На думку Паўла Севярынца, унёсак моладзі ў справу дэмакратызацыі краіны будзе расьці, і гэта будзе адбывацца па-за межамі фармальных арганізацыяў, бо беларуская дзяржава ўсяляк стрымлівае іх зьяўленьне. Нагадаю, што і Малады Фронт, які прадстаўляе Павал Севярынец, дзяржавай не зарэгістраваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG