Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЕКТ НОВАГА ЗАКОНУ АБ СМІ — НАСТУП НА СВАБОДУ СЛОВА Ў БЕЛАРУСІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і кіраўнік Цэнтру прававой абароны Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Праекты толькі найбольш важных законаў абмяркоўваюць з удзелам кіраўніка дзяржавы. Разгляд праекту Закону аб СМІ на нарадзе ў Лукашэнкі ў чацьвер сьведчыць, што гэты закон важны для ўладаў. Ён рыхтаваўся даўно, гаворка пра яго ідзе ўжо амаль некалькі гадоў. Адзін час улады яго падавалі як доказ дэмакратызацыі беларускага заканадаўства, крок насустрач Захаду.

Былы міністар інфармацыі Падгайны нават абяцаў перадаць праект Закону аб СМІ на экспэртызу ў эўрапейскія арганізацыі. І вось цяпер падрыхтоўка закону перайшла ў заключную стадыю.

Навошта ўладам новы Закон аб СМІ? Ці сапраўды ў старым законе ёсьць, як сказаў Лукашэнка, прагалы ў рэгуляваньні дзейнасьці СМІ? І ці ёсьць нейкая заканамернасьць у тым, што новы закон прымаецца ў момант, калі ўлады вядуць агульны і пасьлядоўны наступ на незалежныя СМІ і “трэці сэктар”?”

(Андрэй Бастунец: ) “Сапраўды, гэты закон рыхтаваўся даўно. Ён павінен быў быць унесены ў Палату прадстаўнікоў яшчэ вясной мінулага году. Магчыма, ня трэба праводзіць простую сувязь паміж цяперашнім наступам на незалежныя СМІ і гэтым законапраектам.

Як паказвае практыка, існы закон аб СМІ ніякіх перашкодаў для рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ не ствараў. Падчас згаданай нарады ў Лукашэнкі кіраўнік дзяржавы расставіў акцэнты. Сапраўды, было шмат размоваў, што законапраект аб СМІ будзе прадугледжваць дэмакратызацыю, ён будзе накіраваны на экспэртызу ў Раду Эўропы. Але цяпер ня трэба чакаць ні нейкіх міжнародных эспэртызаў, ні лібэралізацыі Закону аб СМІ”.

(Міхаіл Пастухоў: ) “Улады робяць спробу абмежаваць свабоду слова і інфармацыі ў Беларусі. Ідзе новы наступ на правы незалежнага друку. Тыя прававыя ўмовы ў дачыненьнях да СМІ, якія дзейнічаюць у Беларусі, ужо непрымальныя для ўлады. Паколькі незалежны друк адаптаваўся да сытуацыі і працягвае існаваць. І ўлады хочуць закруціць гайкі, каб яшчэ больш абмежаваць свабодную інфармацыю ў грамадзтве. Улады імкнуцца паставіць незалежную прэсу на мяжу зьнішчэньня. У мяне такое склалася ўражаньне ад апошняй рэдакцыі законапраекту”.

(Карбалевіч: ) “Падчас паседжаньня ў чацьвер з вуснаў Лукашэнкі прагучалі даволі супярэчлівыя заявы. З аднаго боку, ён казаў пра свабоду СМІ, разьняволеньне журналістаў. А зь іншага боку, кіраўнік дзяржавы распавядаў пра “тэндэнцыйнае выкладаньне фактаў”. Гэта гучыць вельмі двухсэнсоўна і насьцярожвае. Таму што ўзьнікае вялікая прастора для суб’ектыўнасьці. Што б вы маглі сказаць пра зьмест новага законапраекту? Якія там існуюць антыдэмакратычныя артыкулы?”

(Бастунец: ) “Калі ўчора Лукашэнка казаў на нарадзе пра “разьняволеньне” журналістаў, я думаю, ён меў на ўвазе толькі дзяржаўныя СМІ, якія добра разумеюць межы дазволенага. У законапраекце прысутнічае дэмакратычная рыторыка. Але ёсьць там і артыкулы, якія ставяць незалежныя СМІ ў цяжкае становішча.

Найперш, хачу зьвярнуць увагу на артыкул аб фінансаваньні СМІ. Ён забараняе фінансаваньне СМІ з ананімных крыніцаў і з-за мяжы, акрамя выпадку ўдзелу замежнікаў у статутным фондзе рэдакцыі. З гэтага артыкулу вынікае, што СМІ забараняецца атрымліваць грошы з грантаў, даходаў ад рэклямы замежных фірмаў, крэдытаў ад замежных банкаў і іншых крэдытораў”.

(Пастухоў: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на артыкул, які рэгулюе забарону на распаўсюд інфармацыі. Тут адзначана чатыры групы забаронаў распаўсюду інфармацыі. Але яны вельмі грунтоўныя. Прычым, артыкул заканчваецца спасылкай на іншыя заканадаўчыя акты, якія дапоўняць такія забароны. На мой погляд, гэты артыкул зьяўляецца, бадай, галоўным ва ўсім законе. Фактычна ён усталёўвае межы карыстаньня СМІ. Гэтая спасылка на іншыя заканадаўчыя акты азначае, што забарону на распаўсюд інфармацыі можна ўстанаўліваць ня толькі законам, але і, напрыклад, указамі і дэкрэтамі прэзыдэнта. А гэта супярэчыць міжнародным стандартам.

Ёсьць і іншыя артыкулы, якія супярэчыць як міжнародным стандартам, так і дзейнай Канстытуцыі Беларусі. У прыватнасьці, законапраект прадугледжвае, што не любы грамадзянін можа зарэгістраваць сродак масавай інфармацыі. Гэта можа зрабіць толькі юрыдычная асоба, альбо фізычная асоба, якая мае ліцэнзію на права выданьня газэты”.

(Карбалевіч: ) “Акрамя таго, з учорашняга паседжаньня ў Лукашэнкі вынікае, што новы Закон аб СМІ будзе распаўсюджвацца на Інтэрнэт. Ён будзе прадугледжваць адказнасьць за паклёп ня толькі на прэзыдэнта, але і на іншых дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку судзьдзяў. Ёсьць і іншыя палажэньні, якія ствараюць больш жорсткія ўмовы для незалежных СМІ. А ці ёсьць у новым законапраекце нейкія артыкулы, якія лібэралізуюць працу СМІ ў параўнаньні зь існым законам?”

(Бастунец: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на адну сур’ёзную норму, якая ёсьць у праекце. Я маю на ўвазе артыкул, які прадугледжвае магчымасьць закрыцьця СМІ. На першы погляд, у праекце гэтае палажэньне больш лібэральнае. Сёньня СМІ можа быць закрыты, калі атрымае два папярэджаньні на працягу году за парушэньне артыкулу 5 Закону аб СМІ. А ў новым законапраекце гаворка ідзе аб трох папярэджаньнях як падставах для закрыцьця газэты.

Але гэтыя папярэджаньні могуць быць вынесеныя ня толькі за парушэньні артыкулу, які аналягічны артыкулу 5 дзейнага закону, але за парушэньне палажэньня аб рэдакцыі СМІ. Гэта азначае, што газэта можа атрымаць папярэджаньне за парушэньне формы распаўсюду, накладу, мэтаў СМІ, іх электронных адрасоў. Такім чынам, магчымасьці для папярэджаньня і закрыцьця СМІ становяцца значна большымі.

Калі казаць пра лібэральныя палажэньні, то я знайшоў толькі два моманты. Па-першае, праект не прадугледжвае, што для стварэньня СМІ патрэбнае папярэдняе ўзгадненьне з органамі мясцовай улады. А цяпер менавіта гэтае палажэньне перашкаджае рэгістрацыі шмат якіх СМІ. Па-другое, наклад выданьняў, якія можна выпускаць без рэгістрацыі, павялічваецца з 300 да 500 асобнікаў”.

(Пастухоў: ) “Наконт апошняй тэзы. З аднаго боку, праект вызваляе ад рэгістрацыі СМІ з накладам менш за 500 асобнікаў. А зь іншага боку, праект прадугледжвае неабходнасьць падачы ў адпаведныя органы дакумэнтаў, якія адлюстроўваюць выходныя зьвесткі выданьня і асобнік выданьня (чаго не прадугледжана ў дзейным законе). Такім чынам, нават выданьні з малым накладам будуць знаходзіцца пад пільным кантролем улады. Таму цяжка казаць аб большай свабодзе ў новым законе”.

(Бастунец: ) “Сапраўды, калі зыходзіць зь літаральнай трактоўкі новага праекту, то нават калі вы выпускаеце газэту з накладам тры асобнікі, усё роўна павінны накіроўваць асобнікі ў Міністэрства інфармацыі. І ў выпадку парушэньня гэтага артыкулу вас могуць прыцягнуць да адказнасьці па законе аб адміністрацыйных правапарушэньнях”.

(Карбалевіч: ) “Якіх наступстваў для незалежных СМІ можна чакаць ад прыняцьця гэтага закону?”

(Бастунец: ) “На мой погляд, новы закон няшмат зьменіць у сытуацыі. Бо на справе сёньня не законы рэгулююць грамадзкія дачыненьні ў краіне і дзейнасьць СМІ. Падзеі гэтага году яскрава пацьвярджаюць гэта. Улады чынілі рэпрэсіі супраць незалежных газэтаў, ня зважаючы на закон. Найбольш яскравы прыклад — рэпрэсіі супраць “Белорусской деловой газеты” і газэтаў, якія яе падтрымалі. Безумоўна, гэты закон зробіць жыцьцё незалежнай прэсы больш складаным. Але найперш не закон будзе вызначаць тое праўнае поле, на якім існуюць СМІ, межы свабоды слова ў Беларусі”.

(Пастухоў: ) “Прыняцьце гэтага закону будзе мець значныя адмоўныя наступствы для незалежных СМІ. Яны апынуцца пад больш пільным кантролем органаў улады. Будзе пашыранае поле адказнасьці журналістаў. Хачу зьвярнуць увагу на тое, што пасьля прыняцьця новага закону ўрад аб’явіць перарэгістрацыю ўсіх СМІ. Яна стане цяжарам якраз для незалежных СМІ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG