Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў ТОК-ШОЎ “ВЫБАР” ЗЬМЯНІЎСЯ ВЯДУЧЫ?


Ганна Соусь, Менск

Уладзімер Мацкевіч пасьпеў падрыхтаваць усяго восем выпускаў ток-шоў “Выбар”. Цяпер праграма выходзіць з новым вядучым і ў новым фармаце. Калі раней у ток-шоў гледачам прапаноўваліся два пункты гледжаньня на адну праблему і паміж удзельнікамі вялася дыскусія, то цяпер проста каротка выказваюцца розныя меркаваньні.

Уладзімер Мацкевіч даведаўся пра скасаваньне свайго кантракту з ОНТ, калі ішла падрыхтоўка да ідэалягічнай нарады Лукашэнкі.

(Мацкевіч: ) “Калі рыхтавалася гэтая нарада пра ідэалёгію, было зразумела, што паўстане пытаньне пра ідэалёгію ў сродках масавай інфармацыі, і што праграма “Выбар” у тым фармаце, як я яе рабіў і вёў, ня ўпісваецца ў тую ідэалягічную праграму, якую высунуў прэзыдэнт краіны перад СМІ. І таму проста знайшлася нагода. Як мне сказалі, ёй стала публікацыя ў “БДГ” майго разважаньня разам зь яшчэ трыма экспэртамі пра Выбарчы кодэкс. Я лічу, што гэта была фармальная нагода. Сапраўдная прычына палягала ў тым, як рабілася гэтая праграма. Сапраўды, на нарадзе прагучала крытыка на адрас перадачы пра мову”.

Уладзімер Мацкевіч — прафэсійны тэлежурналіст, адзін са стваральнікаў праграмы “Праспэкт” на БТ. Ён добра ўсьведамляў, у якіх умовах давядзецца працаваць на другім нацыянальным канале.

(Мацкевіч: ) “Мы працавалі над праграмай аб свабодзе сумленьня з нагоды абмеркаваньня закону аб свабодзе веравызнаньня. Нам яе так і не дазволілі выпусьціць у эфір. Я пачаў распрацоўваць тэму аб ролі парлямэнту ў жыцьці краіны, і нехта з парлямэнту ўжо паведаміў пра гэта кіраўніцтву тэлебачаньня. Тады мне сказалі, што цяпер ня час для гэтага.

Я ж ведаў, што тыя тэмы, якія чакаюць ад такой праграмы — пра саюз Беларусі з Расеяй, пра зьніклых палітыкаў, пра месца Беларусі ў Эўропе, пра Быкава — усё гэта мне не дазволяць выпусьціць. Таму я нават не фарсіраваў падзеі, каб да гэтых тэмаў яшчэ дайсьці. Кіраўнік ОНТ Кісель сказаў, што мая перадача — гэта ўчорашні дзень, а тое, што Хрусталёў робіць — гэта сёньняшні дзень. Маё ўласнае меркаваньне, што якраз наадварот”.

Сёньня ж я зьвязалася па тэлефоне з новым вядучым ток-шоў “Выбар” праграмным дырэктарам ОНТ Ягорам Хрусталёвым і запыталася ў яго наконт прычынаў зьмены вядучага ток-шоў “Выбар”.

(Хрусталёў: ) “Тэмп і фармат праграмы не адпавядалі таму часу, які мы для яе заплянавалі. Яна больш падыходзіла для такога часу, калі, прыкладам, на НТВ выходзіць праграма Гардона. Павольная гутарка з паглыбленьнямі ў тэму. А 21-й гадзіне ў іншыя дні на нашым канале ідуць шоў “Кто хочет стать милионером?”, “Слабое звено”, у тым ліку шоў Сарокінай, тэмп размовы ў якой значна большы. Мы паспрабуем зрабіць праграму больш дынамічнай і максымальна цікавай для большай колькасьці гледачоў”, — сказаў новы вядучы ток-шоў “Выбар” Ягор Хрусталёў.

А вось як на гэты конт выказаўся вядомы тэлевізійны журналіст Леанід Міндлін, які раней узначальваў на БТ студыю “Палітыка”:

(Міндлін: ) “Яна таксама, як і той варыянт ток-шоў “Выбар”, які вёў Мацкевіч, мела праблемы з уладамі, і таксама сам Лукашэнка асабіста выступаў супраць нейкіх праграмаў студыі “Палітыка”. І таму я вельмі добра разумею тое, што адбылося, і што будзе адбывацца. Дарэчы, я прагназаваў, што ток-шоў “Выбар” у тым варыянце, які стварыў Мацкевіч, ня мае пэрспэктывы, таму што раней ці пазьней яна ўсё роўна сутыкнулася б з адмоўнай рэакцыяй улады. Калі іншы пункт гледжаньня ў нас у краіне не павінен існаваць, дык які выбар?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG