Як казаў беларускі паэт Уладзімер Дубоўка, нам няма чаго губляць, акрамя расейскай мовы. Казаў ён гэта ў 1920-я, калі кожны школьнік меў на слыху фразу «пралетарыяту няма чаго губляць, акрамя сваіх ланцугоў».
Клясык не памыляўся. Мінула амаль стагодзьдзе, а ягоныя словы са зьяўленьнем сеціва і магчымасьці выяжджаць за мяжу робяцца ўсё больш надзённымі. Вядома, кожная мова – каштоўнасьць, расейская сёньня найчасьцей уваходзіць у жыцьцё беларусаў першай, і згубіць яе – калі б і хацелі – мы ня можам. Разам з тым нельга ня бачыць, што «Русский мир» тае на вачах. За 20 гадоў расейская мова сышла з краінаў колішняга сацыялістычнага лягеру, са зьменаю пакаленьня яна пакіне краіны Балтыі. Пакіне ў тым сэнсе, што перастане быць абавязковай у камунікацыі.
Чаму так адбываецца? Ды таму, што Расея як дзяржава ў цывілізацыйным пляне не дала нічога, чым бы карысталіся ўсе людзі па ўсім сьвеце. І ўжо ня дасьць. Па-першае, таму што зьявіўся магутны вытворца ўсяго Кітай, які, праўда, сам таксама нічога не прыдумаў, па-другое, таму што час імпэрыяў незваротна мінуў. Настолькі мінуў, што гаворка ўжо ня йдзе пра дзяржаўнае ці грамадзкае ўладкаваньне, а пра адпаведнасьць глябальным стандартам чалавечага жыцьця. І сёньняшняя тэза пра тое, што «нам не пасуе заходняя дэмакратыя» – ня што іншае паводле сэнсу, як «я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду». Інакш кажучы, дэмакратыя – усяго толькі рыторыка, гаворка ідзе пра тое, наколькі цывілізавана мы жывем.
Мы ведаем вялікую расейскую культуру 19 ст., можа быць, самую вялікую на той час. Але сёньня ў самой Расеі ніхто не гаворыць мовай Пушкіна і Чэхава, бо мова сёньняшняй расейскай літаратуры імкліва напаўняецца запазычаньнямі і відазьмяняецца на вачах.
Сьвет захапіла мова кампутараў і інтэрнэту – ангельская. Ніхто не пярэчыў гэтаму захопу, бо інгліш нікога не перарабляе на ангельцаў і нічыю родную мову не выцясьняе з жыцьцёвай прасторы. І ў Беларусі, на добры розум, другой пасьля роднай мовы мусіць быць ангельская.
Але й тут умешваецца расейская, якая на асацыятыўным узоўні замінае беларусу разумець ангельскую. Actually – зусім не актуальна, prepare – не прэпарат, similar не сымулянт, present не прэзэнт, occupation – не акупацыя, preserve – не прэзэрватыў... Такіх прыкладаў сотні. Заўважце, у іншых славянскіх мовах падобныя запазычаньні глядзяць у правільным кірунку, што, вядома ж, спрыяе паразуменьню. І толькі ў расейскай (а празь яе і ў беларускай) яны – як чыгуначныя рэйкі на мяжы мяняюць сваю шырыню – набываюць іншае значэньне.
Працэс звужэньня «Русского мира» бачны няўзброеным вокам. Мабыць, завершыцца ён разам з канцом расейскае лібэралізацыі. І беларусам варта было б думаць не пра «русскоязычную белорусскую культуру», а пра той сьвет, у якім будуць жыць нашы дзеці і ці будзе там увогуле культура.
Расейшчына нікуды ня дзенецца, мы асуджаныя на яе прысутнасьць. Яна будзе ўвесь час навязвацца нам з усходу, як сэрвісы mail.ru нахабна і гвалтоўна, нібы вірус, пранікаюць у нашы кампутары. Сёньня іх выкалупаць адтуль ужо складана, заўтра будзе немагчыма.
Таму няма ніякіх падставаў чапляцца за расейскую мову ані як за сродак дачыненьняў, ані як за мову культуры, ані як за носьбіта нейкай духоўнасьці. Пройдзе зусім няшмат часу і мова імпэрыі і дыктатуры зойме сваё роўнае месца сярод іншых нацыянальных моваў, незалежна ад фармату краіны – побач зь літоўскай і грузінскай, баўгарскай і татарскай, чачэнскай і беларускай. А прынцыпова рускамоўныя насельнікі Беларусі праз пакаленьне ці два як зьява перастануць існаваць.
Бяда, што зь Беларусі, дзе ўсе трансьлятары крычаць адваротнае, дзе тэлевізія запоўненая расейскай папсой, расейскай прапагандай і расейскімі пераробкамі заходніх ток-шоў, дзе гвалтам закрытыя беларускія школы, забароненыя беларускія пісьменьнікі і рок-гурты, дзе пагромлены апошні беларускі інтэлектуальны выдавецкі праект «Arche»... – з такой Беларусі гэтага не відаць.