Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарга на ныркі — два з паловай гады. Для сваіх — бясплатна»


Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар трансплянтацыі органаў і тканак у Менску за два гады правёў 150 апэрацый перасадкі пячонкі. Трансплянтацыя органаў праводзіцца таксама ў Берасьці і Гомелі. Усяго ў Беларусі зроблена 70 апэрацый па перасадцы сэрца і 1500 — нырак.

Мянчанка Зоя Анікейчык зараз праходзіць рэабілітацыю пасьля апэрацыі па перасадцы пячонкі — працяглую паводле часу і дарагую паводле кошту. Апэрацыю зрабілі па-за чаргой і бясплатна, кажа Зоя Сьцяпанаўна:

«Першага сьнежня 2010 году мяне паставілі ў чаргу ў сьпісах першасных людзей на апэрацыю. Так, людзей на трансплянтацыю шмат, але ёсьць паказчыкі, калі гэта трэба рабіць у першую чаргу. І трапіла я на апэрацыю ўжо з рэанімацыйнага аддзяленьня, бо я ўжо практычна ня спала па начах. Да мяне прыбегла кансультант і паведаміла такую навіну, што ёсьць донар і празь дзьве гадзіны па мяне прыяжджае хуткая дапамога і мне будуць рабіць апэрацыю. У 23:00 22 лютага мне пачалі рабіць апэрацыю і скончылі каля 10:00 раніцы 23 лютага. Калі б я ня ведала, што мне зрабілі перасадку пячонкі, то я лічыла б сябе абсалютна здаровым чалавекам».

Як паведамілі ў РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак, калі ў мінулыя гады ў цэнтры праводзілася каля сарака апэрацый перасадкі пячонкі, то сёлета плянуецца каля пяцідзесяці. Аднак і гэтая лічба — мінімум ад патрэбы: штогод у краіне ад цырозу памірае каля 2,5 тысячы чалавек. Што да замежных грамадзян, то ім таксама праводзяць такія апэрацыі, але ў выключных выпадках, кажа кіраўнік цэнтру Алег Рума:

«Існуе ліміт на выкананьне апэрацый замежным грамадзянам. Прыярытэт — грамадзянам сваёй краіны, як і ўва ўсіх цывілізаваных краінах. Больш за 90% апэрацый робіцца беларускім грамадзянам, а ў выключных выпадках — замежным грамадзянам».

Апэрацыі перасадкі нырак у Беларусі праводзяць ужо больш за сорак гадоў, і за гэты час іх зрабілі каля паўтары тысячы. Сярод іншых — жыхарцы Горадні Сьвятлане Кіслай. Прачакаўшы тры гады, яна прайшла праз удалую працэдуру перасадкі ныркі. А потым адчула патрэбу пайсьці ў царкву, каб запаліць сьвечку за донара, які даў ёй другое жыцьцё:
Я за сябе нібыта і рада, але, зь іншага боку, адчуваньне, што вось чалавек загінуў, а ты за яго жывеш

«Пасьля трох гадоў мне патэлефанавалі і паведамілі, што ёсьць нырка для мяне і яшчэ адной жанчыны — бо ў чалавека ж дзьве ныркі — адну мне, а адну іншаму чалавеку. Зараз я адчуваю сябе нашмат лепш. Не скажу, што я такі ўжо веруючы чалавек, але пайшла ў царкву і паставіла сьвечку за донара — за чалавека, які загінуў. Я за сябе нібыта і рада, але, зь іншага боку, адчуваньне, што вось чалавек загінуў, а ты за яго жывеш. Таму з нас шмат хто замаўляе імшу менавіта за донараў».

Як паведамляюць у РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак, пытаньне донарства ў Беларусі таксама на шляху да лепшага вырашэньня, дзякуючы адпаведнаму закону і актыўнасьці лекараў.

Загадчык аддзяленьня Цэнтру Аляксей Шчэрба: «Праблема донарства ў нашай краіне таксама вырашаецца сур’ёзна і эфэктыўна. Бо калі б не было дзяржаўнай праграмы і энтузіязму нашага цэнтру, то яна б заставалася на ранейшым надзвычай нізкім узроўні. Калі мы пачыналі працу цэнтру, то донараў было менш як тры на мільён насельніцтва, а цяпер — больш як дзесяць. А ў некаторых рэгіёнах краіны нават больш як дваццаць на мільён насельніцтва, што адпавядае многім эўрапейскім краінам. Донарства залежыць ад самасьвядомасьці лекараў, насельніцтва і сваякоў памерлых людзей».

Паводле дзейнага беларускага заканадаўства, як і ў 24 эўрапейскіх краінах, памерлы чалавек аўтаматычна становіцца донарам, калі ён ня выказаў сваю пісьмовую адмову пры жыцьці. Пры адсутнасьці на месцы здарэньня сваякоў памерлага ці загінулага чалавека пра трансплянтацыю органаў ім могуць не паведамляць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG