Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 8 тысяч кілямэтраў па грошы МВФ


На 12 кастрычніка ў Токіё адкрываецца штогадовае паседжаньне Рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку. У Японію выправілася афіцыйная беларуская дэлегацыя, каб папрасіць у МВФ новы крэдыт

Афіцыйную дэлегацыю ачольвае міністар эканомікі Мікалай Снапкоў.

Ад Нацбанку паехаў намесьнік старшыні Юры Алымаў. А міністэрства фінансаў прадстаўляе намесьнік кіраўніка ведамства Максім Ермаловіч.

Раней у НБ запэўнівалі, што старшыня праўленьня Надзея Ермакова не плянавала ляцець у Японію. А вось у Мінфіне прызналі, што міністар Андрэй Харкавец зьбіраўся ў Токіё, аднак вымушаны быў застацца ў Беларусі, бо гэтымі днямі праходзіць зацьверджаньне бюджэт-2013.

Ермакова: Мы абмяркоўваем аднаўленьне перамоваў з МВФ


Надзея Ермакова
Надзея Ермакова
«Мы абмяркоўваем аднаўленьне перамоваў зь Міжнародным валютным фондам. Мы заявілі шэраг сустрэч на пачатку кастрычніка ў Токіё», — сказала старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова 12 верасьня.

Тады кіраўніца таксама дала зразумець, што пра аднаўленьне фінансавага супрацоўніцтва Беларусі з МВФ гаворка будзе весьціся таксама падчас візыту ў Менск місіі МВФ.

Чарговая місія МВФ будзе працаваць у Менску 18–29 кастрычніка.

2 кастрычніка міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў, што краіна гатовая выконваць новую крэдытную праграму Міжнароднага валютнага фонду.

Ён сказаў, што супрацоўніцтва з МВФ «не зьяўляецца для нас закрытай тэмай», але прызнаў што ў перамовах з гэтым фондам ёсьць складанасьці.

Муха: Неабходна нармалізаваць палітычныя адносіны паміж Беларусьсю, Эўразьвязам і ЗША


Якія шанцы ў Беларусі атрымаць чарговы крэдыт Міжнароднага валютнага фонду?

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
Аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха мяркуе, што з эканамічнага гледзішча супрацоўніцтва беларускага ўраду і МВФ цалкам магчымае, а замінаюць рэалізацыі намераў палітычныя моманты:

«Калі ацэньваць верагоднасьць выдзяленьня крэдыту, то зараз нешта з дакладнасьцю сказаць досыць складана. Думаю, што з гледзішча эканамічнага парадку дня бакі цалкам могуць прыйсьці да кансэнсусу адносна асноўных пытаньняў унутранай эканамічнай палітыкі, уключна зь фіскальнай, манэтарнай палітыкай, рэалізацыяй структурных рэформаў і г.д.

Па сутнасьці, зараз для фактычнага запуску другой праграмы „стэнд-бай“ неабходна, у першую чаргу, нармалізаваць палітычныя адносіны паміж Беларусьсю, Эўразьвязам і ЗША. І ў гэтым выпадку, у выпадку паўнавартаснай нармалізацыі стасункаў у рамках згаданага трохкутніка, верагоднасьць запуску другой праграмы „стэнд-бай“ заўважна ўзрасьце. Але пытаньне палітычных узаемаадносінаў, хутчэй, не да мяне, я ўсё ж больш эканаміст, а не палітоляг. Але яшчэ раз паўтару, што з гледзішча эканамічнага беларускі ўрад і МВФ цалкам маглі б дамовіцца аб новай праграме».


Беларусь і МВФ: гісторыя крэдытаў і стасункаў


Пасьля звароту беларускіх уладаў Рада выканаўчых дырэктараў МВФ 12 студзеня 2009 году ўхваліла праграму тэрмінам на 15 месяцаў і выдзяленьне Беларусі фінансавых рэсурсаў у аб’ёме каля $2,46 млрд.

Пазьней на просьбу беларускага боку МВФ павялічыў агульны аб’ём фінансаваньня да $3,46 млрд.

За час з 1992 па 2008 год Беларусь двойчы скарыстала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — $217,2 млн. і паводле мэханізму стэнд-бай — $77,4 млн. Абодва гэтыя крэдыты Беларусь цалкам пагасіла ў лютым 2005 году.

Беларусь — сябра МВФ з 1992 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG