Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПіС: «RockerJoker» павінен адказаць за «Саню»


Рокерджокер на канцэрце «Ноч культуры» ў Любліне, чэрвень 2011. Фота: Edyta Juśkiewicz
Рокерджокер на канцэрце «Ноч культуры» ў Любліне, чэрвень 2011. Фота: Edyta Juśkiewicz

Палітыкі польскай апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць (ПіС) распаўсюдзілі заяву, у якой пратэстуюць супраць выступу беларускага гурту «RockerJoker» ў рамках Дзён культуры незалежнай Беларусі ў Польшчы.

«Гэтая каманда сьпявае па-расейску і праславілася песьняй „Саня застанецца з намі“, якая была гімнам выбарчай кампаніі Лукашэнкі», — сказаў пра «RockerJoker» польскім журналістам Шыман Шынкоўскі, дэпутат гарадзкой рады ў Познані ад Права і справядлівасьці.

«Гэты гурт вядомы ў Беларусі перш за ўсё аўтарствам і выкананьнем песьні „Саня застанецца з намі“. Цягам некалькіх месяцаў выбарчай кампаніі гэтую песьню пускалі ў эфір ва ўсіх радыёстанцыях Беларусі з частотнасьцю 7 разоў на дзень. Словы „Саня застанецца з намі. Усё будзе ОК“ кожны ведаў на памяць, тым часам як дэмакратычным кандыдатам дазволілі ўсяго паўгадзінны выступ на радыё», — напісалі ў заяве Шыман Шынкоўскі і ягоны партыйны калега Зьбігнеў Чэрвінскі, дэпутат ваяводзкай рады ў Познані.

Абодва палітыкі нагадалі ў заяве, што выступ «RockerJoker» у чэрвені 2011 году ў Любліне ўжо выклікаў пратэсты незалежнага беларускага асяродзьдзя.

«Гурт рэкамэндавалі мне людзі, зьвязаныя зь беларускай апазыцыяй. Каманда прыслала мне заяву, у якой сьцьвярджае, што іхны гіт быў выкарыстаны ў кампаніі Лукашэнкі бязь іхнай згоды. Ад моманту, калі ў кампаніі выкарысталі гэты твор, гурт яго не выконвае», — патлумачыў журналістам сытуацыю з запрашэньнем «RockerJoker» Пётр Вальчук, суарганізатар Дзён культуры незалежнай Беларусі ў Польшчы.

«Познаньскіх дэпутатаў ПіСу недакладна праінфармавалі, — пракамэнтаваў нам гэтую справу Дзьмітры Падбярэзскі, вядучы перадачы «Свабода-Джаз». — Сапраўды, гэтую песьню круцілі па ўсіх каналах разоў сем на дзень, але адбывалася гэта ўсяго на працягу 3-4 дзён. А потым яна зьнікла з эфіру, як на загад. У мяне такое ўражаньне, што чыноўнікі спачатку прынялі гэтую песьню за чыстую манэту. А потым, калі даўмеліся, што гэта сьцёб, загадалі зьняць яе з эфіру».

Канцэрт «RockerJoker» у Познані заплянаваны на 26 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG