Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот знаходзіць прыхільнікаў


Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова
Акруговая камісія менскай акругі нумар 91 вынесла папярэджаньне кандыдатцы Вользе Кавальковай за тое, што яна на сваіх пікетах выкарыстоўвала нацыянальныя сьцягі і агітавала за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў. Вольга працягвае агітаваць за байкот пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і зьбіраецца зьняцца з выбараў на наступным тыдні.

«Падыходзьце, мы агітуем за байкот, за тое, каб вы не ішлі на выбары». Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі сьцьвярджае, што апошнім часам міліцыя не перашкаджае агітаваць за байкот. Ён зьвязвае гэта з прыездам міжнародных назіральнікаў. Але легальна такую агітацыю можна праводзіць толькі як пікет аднаго з кандыдатаў — як вось актывісткі БХД Вольгі Кавальковай. Да БХД у гэтай справе далучаюцца актывісты «Эўрапейскай Беларусі» і іншых апазыцыйных арганізацыяў.
Віталь Рымашэўскі агітуе за байкот
Віталь Рымашэўскі агітуе за байкот

За тыдзень такіх пікетаў Кавалькова разам з даверанымі асобамі агітавала байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў сотні людзей.

«Уражаньне такое, што людзі падзяляюцца на некалькі групаў: 90 адсоткаў — якія ўвогуле ня вераць у тое, што выбары ў Беларусі сумленныя, ёсьць людзі, якія не ведаюць пра выбары (адсоткаў 5), і 5 адсоткаў пэнсіянэраў, якія ўсё яшчэ вераць той уладзе, якая кіруе краінай».

Дыскусіі, якія ўзьнікалі ля пікету Кавальковай насупраць Камароўскага рынку ў Менску, збольшага пацьвярджаюць такі расклад. Магчыма, таму, што да пікету падыходзяць пераважна людзі, якія падтрымліваюць апазыцыю і ўжо вызначаліся наконт свайго няўдзелу ў галасаваньні:

Спадарыня: «Я зь першага дня, як пачалі за Лукашэнку галасаваць, ня веру ў сумленнасьць выбараў у Беларусі. І я ніводнага разу за яго не галасавала».

Спадар:"Ня бачна ў нас ніякіх выбараў. Для мяне пытаньня тут няма, за краіну крыўдна«.

Спадар: «Дэпутаты ў нас усё роўна нічога не вырашаюць, таму хто там будзе сядзець, ня мае значэньня. Так што ня варта час марнаваць».

Да агітатараў за байкот часам падыходзяць з суседняга пікету давераныя асобы праўладнага кандыдата па 106-й акрузе Дзьмітрыя Шаўцова. Яны нясьмела аспрэчваюць тэзы, што выбары несумленныя і што Шаўцова ўжо прызначылі дэпутатам:

«Ня ведаю, прызначылі ці не, мы за яго яшчэ не галасавалі».

На пікеце за Шаўцова ніякіх спрэчак не чуваць, у адрозьненьне ад пікету за байкот. Прычым тут людзі спрачаюцца ўжо ня столькі зь пікетоўцамі, колькі паміж сабою. Але дыскусіі менш актыўныя, чым перад выбарамі 2010 году, кажа адзін зь мінакоў:

«У сувязі з тым, што адбывалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, многія людзі баяцца выходзіць, нешта адкрыта казаць».

Тым ня меней цягам гадзіны пікету актывістам БХД падалі свае кантакты 10 асобаў, зь іх трое запісаліся назіральнікамі на выбары. Адзін зь іх — Вадзім з Барысава:

«Прыехаў вось, вырашыў праявіць сваю грамадзянскую сьвядомасьць. Хопіць ужо сядзець і чакаць, як кажуць, клацаць па клявіятуры. Адна рэч — на кухні дэбаты весьці, іншая — зрабіць тое, што ад цябе залежыць».

Менскі сацыёляг Алег Манаеў сьцьвярджае, што, паводле зьвестак чэрвеньскага апытаньня, за байкот выказваецца 14 працэнтаў апытаных, а яўка складзе каля 60 працэнтаў:

«Нават калі дапусьціць, што расчараваньне ў беларусаў нарастае, і гэта сапраўды так, — ну, можа, будзе крыху меней за 60 працэнтаў, але не сумняюся, што ў цэлым па краіне яўка будзе. А па нейкіх рэгіёнах ці гарадах, напрыклад, па Менску, можа, будзе і меней».

Палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што цяпер улада хоча давесьці выбарчую мадэль да савецкага ўзору, калі народ пры высокай яўцы галасуе за вызначаных зьверху кандыдатаў:

«Настрой насельніцтва сьведчыць пра тое, што людзі абсалютна абыякавыя да гэтых выбараў, менавіта таму, што выбараў, па сутнасьці, няма і вынікі прадказальныя. У гэтым кантэксьце ідэя байкоту цалкам зразумелая і апраўданая».

На думку Аляксея Караля, кампанія супраціву была б больш эфэктыўнай, калі б праціўнікі несумленных выбараў абралі падчас гэтай кампаніі адзіную тактыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG