Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўныя «Пінскдрэва» стварылі Рабочую раду


На прадпрыемстве «Пінскдрэў» створана Рабочая рада, якая будзе весьці перамовы з адміністрацыяй.

Працоўныя працягваюць зьбіраць заявы аб выхадзе з прафсаюзу ФПБ. Старшыня Рабочай рады Дзьмітрый Кудранок кажа, што рабочыя ня хочуць паўтараць памылкі пратэстоўцаў на «Граніце».

Рабочая рада створана на прадпрыемстве «Пінскдрэў» зь ліку працоўных, якія напісалі заявы аб выхадзе з прафсаюзу ФПБ. Яе ачоліў Дзьмітрый Кудранок:

Дзьмітрый Кудранок
Дзьмітрый Кудранок
«Функцыя гэтай рады заключаецца ў тым, каб праводзіць маніторынг стану заробку і ўмоваў працы на заводах «Пінскдрэва».

Спадар Кудранок тлумачыць, што Рабочая рада ў далейшым будзе весьці перамовы з адміністрацыяй. Дзьмітрый Кудранок паведаміў мясцовым уладам пра ўтварэньне на прадпрыемстве гэтага органа. Адпаведную заяву ён занёс у гарвыканкам.

Інфармацыя пра падзеі на «Пінскдрэве» жыва абмяркоўваецца ў інтэрнэце і на самім прадпрыемстве. На тэлефон «Свабоды» патэлефанаваў рабочы холдынгу, які прадставіўся Аляксандарам Віктаравічам і распавёў, што ў прафкаме яму не пацьвердзілі наяўнасьць заяваў пра выхад з прафсаюзу:

«Патэлефанаваў, і мне адказалі ў аб’яднаньні і прафкаме, што ніводнай заявы няма. Сам сабе я казаў, што хутчэй з гуманоідамі сустрэча адбудзецца, чым нешта падобнае можа здарыцца. Я сам некалькі месяцаў таму пісаў заяву не аб выхадзе, а каб зь мяне не вылічвалі гэтыя складкі. Але там, куды я пайшоў, у мяне адмовіліся заяву прыняць. А ў такой масавай колькасьці... Каб гэта была праўда, падышоў бы — паціснуў руку...»

Дзьмітрый Кудранок кажа, што рабочыя не падаюць заявы аб выхадзе з прафсаюзу паасобку. Такім чынам рабочыя спадзяюцца не паўтарыць памылак пратэстоўцаў з «Граніту»:

«Мы вырашылі ўлічыць вопыт „Граніту“, бо людзі, якія дасылаюць індывідуальна заявы, адразу трапляюць пад махавік рэпрэсіяў. Каб нейкім чынам было бясьпечна людзям, мы прынялі рашэньне стварыць пэўную масу гэтых заяваў і тады ўжо дасылаць. Зараз, паводле нашых падлікаў, на розных заводах колькасьць заяваў набліжаецца да 400. Мы плянуем, калі ў нас будзе ня менш за 1000 заяваў, нейкім чынам даць ім ход».

Яшчэ Дзьмітрый Кудранок паведаміў «Свабодзе», што рабочыя прынялі рашэньне пасьля выхаду з прафсаюзу ФПБ не ствараць тут суполку прафсаюзу незалежнага:

«Шлях стварэньня прафсаюзу — гэта досыць доўгі, юрыдычна заблытаны працэс. Асноўная нашая мэта — гэта павышэньне дабрабыту рабочых. Мы ня ставілі задачу стварэньня прафсаюзу. Мы хочам найперш, каб нас пачулі зьверху».

Дзьмітрый Кудранок кажа, што ролю прафсаюзу будзе выконваць утвораная зараз Рабочая рада.

Пратэст на «Пінскдрэве» ўзьнік пасьля таго, як 17 ліпеня рабочыя атрымалі раздрукоўкі з інфармацыяй пра заробкі, якія палічылі нізкімі. Працоўныя пачалі масава пісаць заявы аб выхадзе з прафсаюзу. Рабочыя актывісты зьбіраюць гэтыя заявы і цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG