Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маленькія выбарчыя ўчасткі для апазыцыі


Завяршыўся яшчэ адзін этап кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня — стварэньне выбарчых участкаў.

Сёлета іх будзе 6305. Вылучаць кандыдатаў у склад участковых камісіяў будуць па 5 жніўня ўключна.

Утварэньне выбарчых участкаў — ня толькі чыста тэхнічная справа, як можа падацца на першы погляд. Менавіта тут, на кожным участку, вядзецца непасрэдны падлік галасоў за прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы.

Параўнальна зь мінулымі выбарамі колькасьць участкаў цяпер крыху зьменшылася. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік тлумачыць гэта ўдасканаленьнем адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу: маўляў, аб’ядноўваюцца сельсаветы, гарады і раёны, адпаведна больш кампактнымі робяцца і ўчасткі:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Тут якіхсьці строгіх крытэраў няма. Хоць пэўныя рамкі выбарчым заканадаўствам акрэсьленыя. Так, на ўчастку не павінна быць меней за 20 выбарцаў і болей за 3000. 20—30—40 чалавек — гэта маленькія ўчасткі, якія ствараюцца пераважна ў шпіталях. А вялікія ўчасткі ўтвараюцца ў спальных раёнах, там, дзе меней адміністратыўных ці тэхнічных устаноў».

Калі даходзіць справа да ўключэньня прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковыя камісіі, іх ахвотна накіроўваюць на ўчасткі ў санаторыях, прафілякторыях, дамах адпачынку ды іншых стацыянарных лячэбна-прафіляктычных установах. І наадварот, не дапускаюць да буйных участкаў — адзначае нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Аналізуючы факты зь мінулых выбарчых кампаніяў, мы ўпэўнена можам сказаць: прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі больш ахвотна ўключаюць у склад тых участковых камісіяў, дзе выбарцаў няшмат. Апазыцыя звычайна з гэтым пагаджаецца. І гэта, на наш погляд, яе памылка. Сёлета мы сустракаліся з прадстаўнікамі палітычных партыяў, якія ўдзельнічаюць у кампаніі, і прасілі іх улічваць і гэты аспэкт».

Публіцыст Яўген Агурцоў сутыкнуўся з падобнай сытуацыяй на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, калі быў назіральнікам ад АГП. Ён жыве на вуліцы Янкі Купалы і спадзяваўся, што адсочваць сытуацыю будзе на звычайным участку дзесьці ў цэнтры. Але яго накіравалі на маленькі ўчастак аж у Баравую:

«Гэты раёнчык, выбарчы ўчастак № 2, цалкам складаецца з паўтара дзясятка двухпавярховых асабнячкоў па 2–4 кватэры ў кожным. Там жывуць вэтэраны КДБ. Раней гэта было для іх службовае жыльлё, а потым стала і сталым».

Што тычыцца рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, то, паводле Мікалая Лазавіка, канчатковыя вынікі стануць вядомымі 24 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG