Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 гадоў Rolling Stones. Джагер: «Жыве Беларусь!»


12 ліпеня спаўняецца 50 гадоў зь дня стварэньня знакамітага брытанскага рок-гурта Rolling Stones. Лідэр гурту Мік Джагер ведае, што азначае вокліч: «Жыве Беларусь!»

Гурт, які ўзьнік у Лёндане ў 1962 годзе, стаў адным з самых камэрцыйна пасьпяховых і прызнаных крытыкамі праектаў у гісторыі папулярнай музыкі. Ён таксама зьяўляецца рэкардсмэнам паводле працягласьці жыцьця, бо выступае на сцэне роўна паўстагодзьдзя. У 1989 годзе гурт быў уведзены ў Залю рок-н-рольнае славы, а ў сьпісе ста найвялікшых выканаўцаў усіх часоў часопіса Rolling Stone займае чацьвертае месца. За ўвесь час існаваньня Rolling Stones прадалі з сьвеце больш за 200 мільёнаў асобнікаў сваіх альбомаў.

У 2007 годзе, у часе канцэрту Rolling Stones у Варшаве, зь лідэрам гурта Мікам Джагерам сустрэліся прадстаўнікі беларускага “Свабоднага тэатру”. Джагер заявіў, што цікавіцца сытуацыяй у Беларусі, і Беларусь, на ягоную думку, павінна быць вольнай эўрапейскай краінай. Сустрэча праходзіла 27 ліпеня – у дзень, калі беларуская дэмакратычная грамадзкасьць адзначае прыняцьце Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі ў 1990 годзе.



Мік Джагер: "Жыве Беларусь!"

– Мы распавялі, што ў Менску затрыманыя дэманстранты, - расказваў пасьля сустрэчы кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін. - Мік сказаў, што гэта анамальнае зьява ў сучасным сьвеце. Больш за тое, ён у курсе зьнікненьняў палітыкаў і журналістаў у Беларусі. Спачатку Мік быў трохі напружаны, бо тэмы - ня самыя вясёлыя. Потым расслабіліся, пасьмяяліся. Мы спыталі: «Хочаш што-небудзь сказаць беларусам?» Ён прыдумаў тэкст, вельмі кароткі. Скончыў Long live Belarus. І перапытаў, як гэта будзе па-беларуску. Натальля Каляда, мая жонка, навучыла яго правільна вымаўляць «Жыве Беларусь!».

Сустрэча з трупай "Свабоднага тэатру" ў 2007 годзе
Сустрэча з трупай "Свабоднага тэатру" ў 2007 годзе
Вытокі гурта ўзыходзіць да дзіцячага сяброўства Міка Джагера і Кіта Рычардса ў 1951 годзе. Амаль праз 10 гадоў яны сталі чальцамі групы Джагера Little Boy Blue and the Blue Boys. Выступаючы ў розных клюбах Лёндана, Джагер і Рычардс былі моцна ўражаныя ігрой на гітары Браяна Джонса і неўзабаве ён далучыўся да іх. Паводле Джагера і Рычардса, Rolling Stones быў дзіцём Джонса — як гурт, што сфармаваўся вакол яго гітарнага стылю і віртуознасьці.

Гэта было 12 ліпеня 1962 году, калі гурт (з удзелам басіста Дзіка Тэйлара, бубнача Міка Эвары і клявішніка Яна Сьцюарта) дэбютаваў у якасьці новай групы на радыё-шоў BBC. Назва Rolling Stones («Каменяпад») была натхнёная назвай песьні Мадзі Ўотэрса. Новы мэнэджэр-прадзюсар гурта Эндру Луг Олдхэм пазьней прызнаўся, што ён бачыў у ролінгах магчымасьць рабіць «супрацьлеглае таму, што робяць Beatles». Сапраўды, ролінгі сьмялей увасаблялі цёмныя ды сэксуальныя бакі рок-н-ролу, чым «сонечныя і больш поп-арыентаваныя Beatles».

Камэрцыйны посьпех Rolling Stones прыйшоў у сярэдзіне 1964-х разам зь іх выкананьнем песьні Бобі Ўомака It’ s All Over Now, якое заняло трэцяе месца ў брытанскім чарце і трапіла ў амэрыканскі Топ 40.

У сярэдзіне 60-х былі тры выдатныя сілы ў папулярнай музыцы: Beatles, Боб Дылан і Rolling Stones. У 1971 годзе ролінгі адкрылі сваю гуказапісвальную кампанію Rolling Stones Records. Брытанскі дызайнэр Джон Пашэ прыдумаў знакаміты чырвоны «язык» — лягатып, які застаецца сымбалем ролінгаў і па сёньняшні дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG