Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыі прыходзяць зь мінуўшчыны

абноўлена

Выйшла ў сьвет новая кніга Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», працяг папулярнага выданьня «Краіна Беларусь».

Займальная і даступная для чытача любога ўзросту і ўзроўню адукацыі, кніга прысьвечаная найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны – часам Вялікага Княства Літоўскага, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а старабеларуская мова была дзяржаўнай.

Чытача чакае сустрэча з выдатнымі гістарычнымі асобамі: палітыкамі, военачальнікамі, асьветнікамі. Кніга знаёміць з жыцьцём і побытам, ваеннымі перамогамі і культурнымі дасягненьнямі продкаў. На аснове гістарычных фактаў даводзіцца, што найменьні «Літва» і «ліцьвіны» на працягу некалькіх стагодзьдзяў былі назовамі Беларусі і беларусаў.

Аўтары не абмяжоўваюцца храналягічнымі межамі існаваньня Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг разьдзелаў апавядаюць пра становішча нашых земляў у Расейскай імпэрыі, вызвольную барацьбу і спробы адрадзіць дзяржаву, нацыянальнае адраджэньне і лёс Віленшчыны ў ХХ стагодзьдзі.

Выданьне разбурае многія гістарыяграфічныя стэрэатыпы, а некаторыя зьвесткі прагучаць як сэнсацыя.

У кнізе блізу 2000 ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. Шмат якія ілюстрацыі беларускаму чытачу былі дагэтуль невядомыя.

Гісторыя нашай краіны разглядаецца як частка агульнаэўрапейскага руху цывілізацыі.

Адначасова перавыдадзеная кніга «Краіна Беларусь», якая даўно стала бібліяграфічным рарытэтам.

Уладзімер Арлоў пра новую кнігу «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

Абодва важкія, багата ілюстраваныя тамы выйшлі ў вядомым славацкім выдавецтве «Kalligram» (Браціслава). Выдатную паліграфію забясьпечыла кнігам друкарня «Neografia» (г. Марцін, Славакія).

Бліжэйшымі днямі кніга «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» паступіць у менскія кнігарні. Кнігарня «Акадэмкніга» мае пакуль толькі адзін узорны экзэмпляр, які выкарыстоўваецца для афармленьня заказаў чытачоў. Як паведамілі ў «Акадэмкнізе», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» будзе каштаваць каля 350 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG