Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закладнік


Сапраўды, у рэпліцы пра сына Мікалая як пераемніка ўлады Аляксандар Лукашэнка нічога сэнсацыйнага не сказаў. Ужо некалькі разоў ён то намякаў на гэтую ідэю, то абвяргаў яе. Але абвяргаў вельмі дзіўна. У інтэрвію літоўскім мэдыям у верасьні 2009 году ён казаў: «Я буду катэгарычным праціўнікам, каб мае дзеці пасьля мяне былі прэзыдэнтамі. Яны «наеліся» бацькоўскага прэзыдэнцтва… Калі народ яго выбера, то чаму б і не? Ён што, ня можа быць прэзыдэнтам? Апрыёры ня можам гэтага сказаць» («Звязда», 2009, 16 верасьня).

Усё гэта азначае, што Лукашэнка ўвесь час думае на тэму, што будзе пасьля яго. Не з краінай, а з уладай. А ўсе свае думкі ён услых прагаворвае, гэта яго псыхалягічная асаблівасьць.

Зьвярніце ўвагу, Лукашэнка разважае пра пераемніка, маючы на ўвазе не свайго старэйшага сына Віктара, што было б лягічна, бо той ужо цяпер важны дзяржаўны чыноўнік, а пра маленькага сына Колю. Гэта азначае, што насамрэч ён нікуды з сваёй пасады сыходзіць не зьбіраецца, плянуе кіраваць краінай пажыцьцёва.

Увогуле, на мой погляд, праект «Пераемнік» выглядае маларэальным ва ўмовах сёньняшняй Беларусі зь некалькіх прычын. Па-першае, у постаці Лукашэнкі мы маем справу з чалавекам зь вялізарнай прагай да ўлады. Для яго ўлада – гэта ня толькі сэнс жыцьця, але адзіна магчымы спосаб існаваньня. Ён увесь час атаясамлівае адхіленьне яго ад улады з гібельлю і кажа, што будзе абараняць сваю пасаду са зброяй, нават калі застанецца адзін.

Па-другое, як любы апантаны ўладай аўтарытарны кіраўнік, дзейны беларускі лідэр нікому ня верыць, падазрае ўсіх у неляяльнасьці. Ён ніводнаму чалавеку ня зможа даверыць свой лёс, нават сынам.

Па-трэцяе, ён разумее, што ў палітыцы любыя гарантыі і дамоўленасьці адносныя. Іх захоўваньне залежыць ад суадносін палітычных сілаў, ад таго, ці зможа пераемнік утрымаць уладу. Калі ж гэта яму ня ўдасца, то любы закон ці нават артыкул Канстытуцыі, які гарантуе бясьпеку былому прэзыдэнту, можна адмяніць. Аўгуста Піначэт у Чылі перад сваёй адстаўкай стварыў шматпавярховую сыстэму гарантый уласнай недатыкальнасьці. Аднак ад турмы яго ўратавала толькі сьмерць. Вельмі шмат прыкладаў, як пад суд трапляюць былыя дыктатары, хоць яны рабілі ўсё магчымае, каб гэтага пазьбегнуць. Адзіны ўрок, які вынес Лукашэнка з гэтых гісторый, даволі просты: нікуды не сыходзіць, заставацца на пасадзе да самага канца.

Па-чацьвёртае, варыянт Пуціна, калі лідэр сыходзіць з пасады фармальна, перадае ўладу «зіц-старшыні», застаючыся рэальным кіраўніком, у Беларусі не праходзіць. Такі варыянт магчымы, калі чалавеку ня вельмі важныя вонкавыя атрыбуты ўлады, ён нармальна сябе пачувае ў статусе «шэрага кардынала». А для Лукашэнкі вонкавыя атрыбуты ўлады ня менш важныя, чым сама ўлада.

Нарэшце, гэта ўжо па-пятае, схема «Пераемнік» не спрацуе і з прычыны сыстэмнага характару. Для такіх, як у Беларусі, пэрсаналісцкіх рэжымаў, рэжымаў асабістай улады перадача функцыяў кіраўніка пераемніку азначае зьмену рэжыму. Таму што ўся сыстэма ўладных інстытутаў і мэханізмаў створана пад аднаго чалавека, замкнутая на ім. Ён – яе цэнтральнае зьвяно. Функцыянаваць яна здольная, толькі калі ён бярэцца за рычагі. У такой мадэлі асоба, якая стаіць на чале рэжыму, незамяняльная. Больш за тое, у нашым выпадку гаворка ідзе пра лідэра з элемэнтамі харызмы, якая не перадаецца пераемніку.

Інакш кажучы, без Лукашэнкі цяперашні рэжым нежыцьцяздольны. Каму б ні перайшла ўлада, рэжым будзе вымушаны хутка альбо паступова трансфармавацца.

Але ж праблема ў тым, што любыя гарантыі і дамоўленасьці маюць сэнс толькі ў рамках таго рэжыму, у якім яны заключаліся. Пры зьмене рэжыму яны абясцэньваюцца. Якія б гарантыі ні даваў пераемнік, ён ня зможа іх выканаць, бо ў яго ўжо ня будзе абсалютнай улады.

Таму ў Лукашэнкі няма іншага выйсьця, як заставацца ва ўладзе пажыцьцёва. Парадокс у тым, што Лукашэнка – ня толькі архітэктар і стваральнік гэтай сыстэмы, але і яе закладнік. Ён ня можа зь яе выйсьці, пакінуць сваю пасаду, нават калі б і хацеў. Бо адразу трапіць пад крымінальны перасьлед. А ахвотных гэта зрабіць за гады ягонага кіраваньня зьявілася вельмі шмат.

І гэта сапраўдная трагедыя, тупік – як для грамадзтва, дзяржавы, так і для самога Лукашэнкі. І нейкага легальнага варыянту выйсьця зь яго я ня бачу.

Тады ў чым сэнс гэтай заявы Лукашэнкі пра Мікалая ў якасьці пераемніка? Яна ж зьявілася не выпадкова. Ён добра разумеў, які палітычны рэзананс яна выкліча, і зрабіў гэта сьвядома.

Сэнс гэтага мэсыджу, які дасылаецца як беларускаму грамадзтву, так і міжнародным палітычным суб’ектам, палягае ў тым, што ня варта чакаць нейкіх перамен ва ўладзе краіны. Маўляў, Беларусі фатальна наканавана, каб Лукашэнка кіраваў ёю гады і гады. З гэтым трэба прымірыцца, як з прыроднаю зьяваю, і не рабіць марных высілкаў, каб зьмяніць сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG