Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа»: беларускія асуджаныя ня маюць ніякіх правоў


Андрэй Бандарэнка, Мікіта Ліхавід, Павал Сапелка
Андрэй Бандарэнка, Мікіта Ліхавід, Павал Сапелка

Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» прэзэнтавала справаздачу маніторынгу ўмоваў утрыманьня зьняволеных у пэнітэнцыярных установах Беларусі ў 2011–2012 гадах. Галоўная выснова дасьледаваньня — беларускія асуджаныя ў месцах зьняволеньня ня маюць ніякіх правоў.

Пра гэта сябры «Плятформы» паведамілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Абарона правоў асобаў, якія адбываюць пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі, — галоўная мэта дзейнасьці «Плятформы». Аднак нават дасьледаваньне гэтай тэмы ў Беларусі — задача надзвычайнай складанасьці, паведаміў дырэктар арганізацыі, былы палітзьняволены Андрэй Бандарэнка:

«Асноўная праблема ў тым, што нашая пэнітэнцыярная сыстэма — зачыненая. Нікому доступу туды няма — ні праваабаронцам, ні грамадзянскай супольнасьці. Гэта значыць, што ніхто ня можа сказаць, што насамрэч там адбываецца. Вось гэта асноўная праблема, зь якой выцякаюць усе астатнія».

Сябра «Плятформы», былы палітзьняволены Мікіта Ліхавід адзначыў: дасьледаваньне выявіла той факт, што ўладамі выкарыстоўваюцца самыя розныя сродкі і формы пагаршэньня ўмоваў адбыцьця пакараньня для палітвязьняў.

Ліхавід: «Апошнім часам — і гэта самае страшнае — што людзей пачалі адпраўляць на турэмны рэжым утрыманьня. Да 2011 году палітзьняволеных не адпраўлялі на турэмны рэжым — ніводнага разу такога не было. Гэта самы жорсткі рэжым, які ўвогуле можа быць прадугледжаны. І ў гэтай сытуацыі асаблівую ўвагу трэба трымаць адносна Мікалая Аўтуховіча, Яўгена Васьковіча і Міколы Статкевіча».

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта, а цяпер палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая прысутнічала на прэсавай канфэрэнцыі, пагадзілася з усімі высновамі актывістаў «Плятформы»:

«Акрамя пытаньняў неналежнага ўтрыманьня, парушэньня правоў чалавека — на кантакты з блізкімі людзьмі, на перапіску, на атрыманьне інфармацыі, — жахлівых умоў з пункту гледжаньня захаваньня здароўя, выкарыстоўваюцца таксама проста катаваньні, зьдзеклівае і непаважлівае стаўленьне да людзей. Акрамя таго, апошнім часам я даведалася яшчэ і аб праблеме рабскай працы, калі вязьняў гвалтоўна прымушаюць працаваць за 300 рублёў у дзень».

Былы адвакат, прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка падкрэсьліў, што дасьледаваньне ўмоваў утрыманьня зьняволеных — адзін з крокаў да зьмены такога становішча ў лепшы бок:

«Маніторынг — толькі адзін са складнікаў дзейнасьці, як у „Плятформы“, так і ў „Вясны“. Бо мэта абедзьвюх арганізацый — ня толькі назіраньне. Гэта яшчэ і практычныя крокі па паляпшэньні становішча зьняволеных. Вядома, нашы магчымасьці абмежаваныя, але яшчэ горш было б маўчаць і нічога не рабіць».

Галоўная выснова маніторынгу «Плятформы» — беларускія асуджаныя ў Беларусі ня маюць ніякіх правоў. І разьвязаць гэтую праблему беларускія праваабаронцы павінны пры дапамозе міжнароднай супольнасьці, заявіў на заканчэньне Андрэй Бандарэнка:

«Нядаўна мы былі ў Жэнэве, дзе я таксама выказваўся, каб быў уведзены мандат спэцдакладчыка па Беларусі — як дапамога і нам, праваабаронцам, і грамадзянскай супольнасьці, і самім палітзьняволеным, каб іхныя правы нехта абараняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG