Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі аблвыканкам загадаў абараняць расейскую мову


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Начальнік упраўленьня культуры Аляксандр Вярсоцкі распарадзіўся «прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні прымусовай беларусізацыі».

Чыноўнік разаслаў усім начальнікам аддзелаў культуры раённых выканаўчых камітэтаў вобласці і дырэктарам абласных устаноў культуры адмысловае даручэньне, інфармуе правабарончы цэнтар «Вясна».

Вярсоцкі патрабуе ад падначаленых «прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні правядзеньня кіраўнікамі дзяржаўных устаноў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусізацыі і штучнага скарачэньня выкарыстаньня расейскай мовы ў іх дзейнасьці».

Пры гэтым Вярсоцкі загадаў пра прынятыя меры інфармаваць Упраўленьне культуры Гарадзенскага аблвыканкама і асабіста яго да 1 ліпеня і 25 сьнежня 2012 года.

«Нягледячы на тое, што гэта інфармацыя афіцыйна не пацвержана, я не сумняюся, што так было, — пракаментаваў „Свабодзе“ праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. — Усё гэта зыходзіць з юрыдычнага статусу двухмоўя. Насамрэч беларуская мова дыскрымінуецца. Расейшчына пасьлядоўна запаланіла ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярэднія школы, садкі. Тое, што бароняць расейскую мову, якой анічога не пагражае — гэта абсурд. Наперадзе ўсяго гэтага ідзе ідэалогія — яна вышэй за закон, мараль, права тытульнай нацыі на карыстаньне сваёй роднай мовай».

У сакавіку сёлета ў недзяржаўныя СМІ трапіў ліст да старшыні Берасьцейскага аблвыканкама Канстанціна Сумара з Адміністрацыі прэзідэнта з аналягічным распаражэньнем не дапускаць скарачэньня выкарыстаньня рускай мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG