Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольгу Панасевіч аштрафавалі на 2,5 мільёна


12 чэрвеня судзьдзя Слонімскага раённага суду Іван Ластоўскі разгледзеў справу актывісткі БХД Вольгі Панасевіч.

Яна аштрафаваная па двух артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях агулам на 25 базавых велічыняў.

Вольгу Панасевіч затрымалі 21 красавіка ў Слоніме, схапілі, гвалтам запхнулі ў машыну, завезьлі ў пастарунак, трое сутак пратрымалі ў камэры, зьбівалі, ставілі ў позу «ластаўкі». Выйшаўшы з ізалятара, Вольга Панасевіч зьняла пабоі і напісала скаргу ў пракуратуру. Але пазьней ёй выставілі абвінавачваньні ў лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі.

У судзе было зачытанае заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы, дзе было засьведчана пра шматлікія пабоі. Але судзьдзя вынес рашэньне не на карысьць пацярпелай. Распавядае Вольга Панасевіч:

«Сьведкі з майго боку былі. З таго боку былі толькі супрацоўнікі патрульна-паставой службы. Суд выносіў рашэньне на падставе іх паказаньняў. І наколькі я зразумела, у судзьдзі ўжо было рашэньне да таго, як прайшлі спрэчкі бакоў. Мне далі штраф па артыкуле 17.1 — 5 базавых велічыняў, а па артыкуле 23.4 — 20 базавых велічыняў. У сукупнасьці гэта 2,5 мільёны».

Карэспандэнтка: «Такім чынам, вы адседзелі трое сутак у ізалятары, і яшчэ Вас аштрафавалі на 25 базавых?»

«Так, і яшчэ пакаралі».

Карэспандэнтка: «Будзеце абскарджваць рашэньне суду?»

«Так, абавязкова буду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG