Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адмянілі прэзэнтацыю кніг фантаста Сяргея Антонава


Прэзэнтацыя мелася адбыцца ў гарадзкой бібліятэцы імя Карла Маркса 16 траўня. Як сьцьвярджае Сяргей Антонаў, 7 траўня яму патэлефанавалі зь бібліятэкі й паведамілі, што сустрэчы ня будзе.

«Дзеля «аб’ектыўных прычын, пра якія вы самі ведаеце», — пераказаў тэлефонную гутарку зь бібліятэкаркай пісьменьнік.

Паводле Антонава, ініцыятарам сустрэчы выступала сама бібліятэка.

«Відаць, даведаліся, што я ў партыі БНФ і што я запрашу на сустрэчу сваіх сяброў з партыі БНФ. Мае кнігі — фантастыка, і яны ня маюць нічога агульнага з палітыкай. І тут высьвятляецца, што я забаронены аўтар у Беларусі. У Маскве ў мяне праходзіць на год ня меней за тры прэзэнтацыі. Наклад маіх кніг — 260 тысяч экзэмпляраў. Кнігі пакуль прадаюцца і ў Беларусі. Толькі аднойчы ў Магілёве мне ўдалося пагаварыць з студэнтамі пэдагагічнага ўнівэрсытэту, але, відаць, пасьля забароны ў бібліятэцы такіх сустрэч наагул ня будзе».

У бібліятэцы пацьвердзілі, што сустрэча адменена.

«Так атрымалася, што накладаюцца два мерапрыемствы ў адзін дзень. Там пэнсіянэры, і дамоўленасьць ёсьць. Мы ж, выбачайце, ня можам адмяніць гэтую сустрэчу. У нас дужа загружаны травень і чэрвень. А там жа пачнецца адпускная пара, і студэнты пазьяжджаюць», заявіла прадстаўніца адміністрацыі чытальні.

Суразмоўніца ня выключыла, што прэзэнтацыя кніг Сяргея Антонава можа адбыцца ў іншы час.

Сяргей Антонаў — адзіны беларускі аўтар, які піша для расейскай кніжнай сэрыі «Ўсясьветнае мэтро 2033». У адной з сваіх кніг Антонаў апісвае станцыю «Беларуская» Маскоўскага мэтрапалітэну пасьля ядзернай вайны. Мэтро ён апісвае як сьвет у мініятуры. Тыя, хто жыве на станцыі «Беларуская», увесь час пазычаюць і нікому не аддаюць пазычанае. Галоўны герой кнігі Антонава — анархіст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG