Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйская падатковая: ні слова пра КДБ


Анатоль Санаценка
Анатоль Санаценка

Галоўны рэдактар газэты «Бабруйскі кур’ер» Анатоль Санаценка атрымаў адказ на свой зварот у інспэкцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Бабруйску.

У заяве ў падатковую Анатоль Санаценка пісаў пра парушэньне ягоных правоў з боку работнікаў КДБ, якія 2,5 гадзіны ў кабінэце падатковай інспэкцыі запалохвалі яго з-за публікацыяў на грамадзка-палітычныя тэмы.

Анатоль Санаценка прапанаваў кіраўніцтву інспэкцыі — у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды — прынесьці яму афіцыйныя выбачэньні, замяніць падатковага інспэктара, які «вядзе» іх прадпрыемства, а таксама зьвярнуць увагу на Працоўны кодэкс, паколькі падчас яго «гутаркі» з супрацоўнікамі КДБ падатковыя інспэктары пакінулі свае працоўныя месцы больш чым на дзьве гадзіны.

У сваім адказе першы намесьнік начальніка інспэкцыі Тарабуеў прызнае той факт, што Санаценку запрасілі «для гутаркі і растлумачэньні парадку ліквідацыі» яго фірмы.

І ні слова не піша пра гутарку журналіста з супрацоўнікамі з КДБ.

Тарабуеў таксама піша: «У сваіх дзеяньнях работнікі інспэкцыі строга кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь».

«Маючы вопыт пражываньня ў няправавой дзяржаве, я меркаваў, што падатковая інспэкцыя зробіць выгляд, што нічога не было. Так і адбылося », — камэнтуе Анатоль Санаценка.

5 красавіка 2012 году журналіста запрасілі ў бабруйскую падатковую інспэкцыю на «размову» пра лёс прадпрыемства, якое ён ачольвае, — выдаўца газэты «Бабруйскі кур’ер».

У падатковай Анатоля Санаценку чакалі два супрацоўнікі КДБ, якія на працягу 2,5 гадзін спрабавалі аказаць на яго юрыдычны і псыхалягічны ціск. Супрацоўнікі КДБ палохалі яго крымінальным артыкулам «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», паведамляе Служба маніторынг БАЖ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG